Дзесяць дзён на ратаванне Еўразвязу


«Мы тут ужо чатыры ці пяць дзён. Без сну, не можам прыняць душу, не можам змяніць адзення, наагул нічога не можам зрабіць. Мы проста хочам купіць ежы і ўсё неабходнае. Дзеля гэтага мы пастанавілі ісці ў Македонію», – кажа адзін з уцекачоў на македонскай мяжы.

7 сакавіка мае адбыцца супольны саміт краінаў Еўразвязу і Турцыі. Да гэтага часу міністры ўнутраных справаў дазволілі прапусціць частку мігрантаў далей, каб зменшыць іхную колькасць у першую чаргу на мяжы з балканскімі краінамі. У часе сустрэчы ў Бруселі напярэдадні яны таксама заклікалі Аўстрыю і Македонію не ўводзіць дадатковага кантролю для ўцекачоў на сваіх межах.

«За бліжэйшыя дзесяць дзён мы мусім забяспечыць адчувальныя і выразныя вынікі на месцах. У адваротным выпадку існуе небяспека, што ўся сістэма цалкам разбурыцца. Мы ўсе абавязаныя актывізаваць нашыя намаганні для здзяйснення гэтага рашэння. У нас няма часу для няўзгодненых дзеянняў», – мяркуе камісар ЕЗ у справе міграцыі і грамадзянства Дымітрыс Аўрамопулёс.

Алею ў агонь дадало непаразуменне паміж Аўстрыяй і Грэцыяй. Напярэдадні вечарам афіцыйныя Афіны адклікалі свайго амбасадара з Вены, што стала рэакцыяй на палітыку Аўстрыі ў адносінах мігрантаў. Яна разам з шэрагам балканскіх краінаў зачыніла свае межы для ўцекачоў.Вось як гэта пракаментавала міністр унутраных справаў Аўстрыі Ёгана Мікль-Ляйтнэр:

«Каб аднавіць нашую здольнасць дзеяць, трэба абараніць вонкавыя межы. Я кажу пра гэта адкрыта. І калі Грэцыя настойвае на тым, што яна не ў стане абараніць сваю ўсходнюю мяжу, трэба спытаць сябе, ці варта быць у Шэнгенскай зоне наагул».

У разрэз з Бруселем пайшоў і ўрад Вугоршчыны, які абвесціў аб намеры правесці рэферэндум у пытанні прыёму мігрантаў. Адмыслоўцы падкрэсліваюць, што калі за гэтыя 10 дзён Еўропа гэтак і не здолее абʼяднацца, каб развязаць мігранцкі крызіс, ЕЗ можа вярнуцца ў часы, калі ён быў эканамічным звязам з адзінаю валютай, але без адзінага цэнтру, які прымае палітычныя рашэнні.Віталь Бабін