Размова Дзень Перамогі больш не патрэбны ўладам? Размова з сацыёлагам Аляксеем Ластоўскім


Другая сусветная вайна ўсё больш робіцца гісторыяй – усё менш тых, хто бачыў яе на ўласныя вочы, і ўсё больш пытанняў да таго, што сёння для нас значыць гэты дзень. У студыі праграмы «ProContra» спрабуем разабрацца, што ж мы робім 9 траўня – адзначаем нацыянальнае свята або аддаем даніну савецкаму мінуламу?

Чаму ў іншых дзяржавах мы бачым нацыянальныя святы, якія вырастаюць з сярэднявечча, а Беларусь, хоць і мае багатае мінулае, фактычна вядзе адлік з перыяду Другой сусветнай вайны? Ці сапраўды эліты больш не робяць стаўкі на агульнасавецкае мінулае? Адказ разам з вядоўцамі Уладзімірам Мацкевічам і Усеваладам Сцебуракам спрабуе адшукаць сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.

«9 траўня звязвае нас з іншымі краінамі постсавецкай прасторы. А 3 ліпеня святкавалася яшчэ ў БССР, і цяпер яно надае Беларусі магчымасць вылучыцца з гэтай прасторы і, скажам так, нацыяналізаваць гэтую памяць, набыць уласную, беларускую версію перамогі. Таму мы можам заўважыць, што гэтае свята стала больш важным, чым 9 траўня», – выказаўся госць студыі.

Аляксей Ластоўскі зазначае, што шмат у чым Рэспубліка Беларусь сімвалічна абвяшчае сябе пераемніцай БССР, дзе Вялікая Айчынная вайна была ў цэнтры гістарычнай памяці і надавала Беларусі статус «партызанскай рэспублікі». І ў сярэдзіне 1990-х апеляцыя да ВАВ стала маторам мабілізацыі насельніцтва, зваротам да савецкай настальгіі ды сродкам барацьбы з палітычнымі праціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі. Сёння 9 траўня губляе актуальнасць для ўладаў, і гэта ўсё больш заўважна. Чаму? Глядзіце ў поўным выданні праграмы «ProContra» з Уладзімірам Мацкевічам, Усеваладам Сцебуракам і сацыёлагам Аляксеем Ластоўскім.

Глядзі таксама
Каментары