Дзе нараджаць лепш: у Беларусі, у Вільні ці ў Маямі?

У новым выданні ток-шоу «Кожны з нас» маладыя беларускія матулі абмяркоўваюць станоўчае і адмоўнае ў нашых радзільнях і параўноўваюць нашыя медустановы такога профілю з замежнымі.

«Калі б да нашай жанчыны ў родах ставіліся больш мякка і калі б не было вось гэтага «маўчы, мы ведаем, як», было б прасцей», – кажа жыхарка Менску Ганна Сачавічак.

Праз два дні пасля другіх родаў, даволі складаных, Ганна даведалася, што ў дачкі зламаная ключыца.

«Чаму пра гэта даведаліся толькі праз двое сутак, мне так ніхто і не адказаў», – рэзюмуе маладая мама.

Ці былі вядомыя нашым продкам «партнёрскія роды»?

Адна з госцяў выдання – менская праграмістка Юлія Васількова. Яна магла дазволіць сабе нараджаць кожнага са сваіх траіх дзетак за мяжой, але звярталася ў звычайную беларускую медустанову.

«У мяне мама і цёця сваіх пяць і шэсць дзяцей нарадзілі тут. Дзякуй Богу, паспяхова. Дзве маіх сястры нарадзілі тут. І таксама пазітыўная статыстыка. Таму мне не было сэнсу думаць у іншы бок», – выказваецца Юлія Васількова.

Колькі каштуе нарадзіць за мяжой?

У праграме абмяркоўваюцца праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускі ў нашых радзільнях. Гэта і праявы так званага акушэрскага гвалту, істотная загрузка дактароў, высокі адсотак так званых кесаравых сячэнняў і партнёрскія роды. Гучаць самыя розныя меркаванні.

Беларускі, якія нараджалі за мяжой, распавядаюць пра свае ўражанні і парадак коштаў. Наталля Міранчук, якая мела такі досвед у Маямі, папярэджвае, што для родаў у ЗША трэба мець не менш за 20–25 тысяч долараў, і каб гэта былі не апошнія грошы. Сама яна выправілася ў ЗША, каб нарадзіць у так званым birth center.

«Я мела досвед родаў у Беларусі, і ўсё прайшло добра. Але прычына родаў у Маямі – гэта амерыканскі пашпарт для дзіцяці і камфортны для мяне клімат, – кажа Наталля Міранчук. – Але да birth center я не даехала. Так атрымалася, што нарадзіла сама, дома. А акушэрка прыехала праз 20 хвілін пасля гэтага».

Пры выпісцы з радзільняў сем’і будуць атрымліваць «бэбі-боксы»

Жыхарка Менску Ангеліка Мілеўская нараджала ў Літве і засталася задаволенай. Яе фінансавыя выдаткі на ўсё склалі да 1500 еўраў. Зрэшты, не нашмат меншая цана віп-палаты 6-й радзільні Менску, куды звярнулася Надзея Ібрагімава.

«Канечне, ёсць сур’ёзнае адрозненне ад асноўнага аддзялення. Але для мяне прынцыпова важным момантам было тое, што роды прайшлі па запланаваным сцэнары. Я радая, што ў нашай краіне нарэшце з’явілася альтэрнатыва», – апавядае Надзея Ібрагімава.

«Годныя ўмовы ў родах для нас – гэта прывілей, – выказвае меркаванне Вераніка Заўялава, кіраўніца сацыяльнага праекту «Радзіны». – Але ёсць базавыя рэчы, якія патрэбныя і ў Салігорску, і ў Баранавічах, і ў Магілёве, і ў Менску. Гэта партнёр у родах, гэта канфідэнцыйнасць, гэта права інфармаванай згоды як мінімум. І меры па спыненні акушэрскага гвалту. За плату – гэта аўтарскае меню, джакузі. Гэтыя рэчы трэба раздзяліць».

«Мы хочам нараджаць у радзільнях. Але хочам павагі». Беларускі бароняць хатнія роды

У праграме бярэ ўдзел акушэр-гінеколаг з 6-й радзільні Менску Вікторыя Матвіенка, якая тлумачыць асаблівасці функцыянавання беларускай радзільні.

Эксперты і госці ў студыі даюць парады беларускім парадзіхам, як зрабіць роды больш камфортнымі ды пазбегчы магчымых рызык.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў

Праўда і фэйкі пра каронавірус у Беларусі

Чаму СССР развалілі менавіта ў Беларусі?

Што будзе з Беларуссю, калі Пуціна не стане?

Каронавірус ужо ў Беларусі. Што рабіць?

Незвычайныя гадаванцы: ліс у кватэры, воўк на падворку і гусак, які выконвае сабачыя каманды

Самая крывавая вайна ў гісторыі Беларусі была з… Расеяй

«Я б гэта назваў парнаграфіяй», – старэйшы беларускі архітэктар пра спрэчныя менскія будынкі

Яны вымушаныя хаваць сваю нацыянальнасць у Беларусі