Дыябет, або Жыццё – не цукар


Героі праграмы распавядаюць пра тое, чым яны не дзеляцца нават з сябрамі ў сацыяльных сетках. «Прыват» – душэўна пра чалавечыя душы і мары.

На гэтую хваробу пакутуюць амаль 300 тыс. беларусаў. Гэта болей, чым у любым нашым раённым цэнтры. Прычым гэтая хвароба невылечная. З процьмай ускладненняў, што здараецца – калечаць ці забіваюць, і дакладна – ускладняюць жыццё. Хвароба маладзее, забіраючы ўсе часцей у свой палон дзяцей і падлеткаў. Але з такім дыягназам можна жыць і да самай старасці. Хіба што вельмі дорага і клопатна. Тэма новага выдання «Прывату» з Валярынай Куставай – «Дыябет, або жыццё – не цукар».

Госця студыі «Прыват» – медыяэксперт Яніна Мельнікава, якая хварэе на інсуліназалежную цукроўку больш за тузін гадоў, пры тым шмат і паспяхова працуе, падарожнічае і гадуе з мужам малую дачку.

Яніна Мельнікава

Якія тыпы дыябету бываюць? Ці ўсе яны невылечныя? Які самы цяжкі? Як гераіня даведалася пра свой дыягназ? Як успрыняла, што яго паставілі да канца жыцця? Як ён змяніў штодзённасць? Наколькі істотнай была падтрымка сям’і, каханага, спецыялістаў?

Бясплоднасць і імпатэнцыя ў дыябетыкаў – міф ці праўда? Якія яшчэ міфы існуюць для дыябетыкаў. Ці сапраўды дыябет звязаны са збоямі ў абмене рэчываў у арганізме, уплывае істотна на гарманальна-эмацыйны стан, а не толькі на фізіялогію? Што можа здарыцца, калі забудзешся на інекцыю? Наколькі складана кантраляваць узровень цукру ў крыві?

Як зразумець навакольным, што чалавеку поруч кепска менавіта праз дыябет, якія прыкметы і як яму дапамагчы? Колькі каштуе на месяц падтрымліваць здароўе і жыць нармальна? Наколькі грамадства і працадаўцы гатовыя да такіх дыягназаў у іншых? Ці можа перадацца генетычна дыябет? Ці гэта чарговы міф? Як жыць дзецям з цукроўкай?

Дыябетыкі ў Беларусі. Наколькі цяжка быць дыябетыкам у нашай краіне? Ці ўсё наладжана для такіх людзей: лекі, псіхалагічная дапамога і г.д. у параўнанні з Еўропай і ЗША? На якім узроўні беларуская медыцына ў лекаванні дыябету? І наколькі палепшылася сітуацыя за апошні час? Што трэба змяніць у дзяржаве, а што ў грамадстве, каб людзям з цукроўкай стала жыць прасцей?

Ці ёсць плюсы ў такім дыягназе? Ці напраўду ён змушае весці здаровы лад жыцця? Якія можна даць парады тым, хто дазнаўся пра такі дыягназ у сябе ці ў блізкіх нядаўна? Таксама гераіня выдання – Лідзія Карцава, маці дзяўчынкі-дыябетыка.

Лідзія Карцава

Эксперты выдання – Кацярына Ганчарэнка, псіхолаг-кансультант і Святлана Гетта, кіраўніца цэнтру «Гармонія».

Святлана Гетта і Кацярына Ганчарэнка

Спадзяюся, прыклад нашай гераіні дапаможа трымацца пазітыўна іншым хворым на дыябет. І што гэтая перадача будзе карыснай таксама сваякам дыябетыкаў. Бо «Прыват» гэта, у прыватнасці, і для вас, і пра вас.

Станьце героем «Прывату» альбо прапануйце тэму, праблему, гісторыю альбо госця ці героя для наступнага выпуску – і сачыце за падрыхтоўкай выданняў на старонках праграмы ў сацыяльных сетках: у Facebook, «вКонтакте», Twitter ды Instagram. Альбо пішыце непасрэдна і прыватна на пошту: studyjapryvat@gmail.com

Пазначайце свае цікавыя прыватныя допісы хачтэгамі #прыват, #pryvat, удзельнічайце ў выбары тэмаў і гасцей – і атрымлівайце прыемныя бонусы і падабайкі ад «Прывату» першымі. Альбо станьце сустваральнікам праграмы, бо «Прыват» – гэта ў прыватнасці і пра Вас.

Натхняйце і натхняйцеся! Шчыра, востра, па-беларуску.

Праграму «Прыват» Валярыны Куставай глядзіце ў новым годзе ў кожны аўторак а 19:00, а таксама онлайн на нашай старонцы.