Дывізія ЗША рушыць да мяжы з Беларуссю. «ПраCвет» з Сяргеем Пелясою


Літва апублікавала справаздачу аб пагрозах нацыянальнай бяспецы. Адначасова Лінас Лінкявічус наведаў Менск

Літоўскія спецслужбы апублікавалі штогадовую справаздачу аб пагрозах нацыянальнай бяспецы. У тэксце шмат разоў узгадваецца Беларусь. Адбылося гэта адначасова з візітам Лінаса Лінкявічуса ў Менск. У беларускай сталіцы кіраўнік літоўскай дыпламатыі разам з беларускім калегам, Уладзімірам Макеем, падсумаваў станоўчыя вынікі двухбаковай супрацы. Але, вядома, хапае і праблемаў. І галоўная з іх бачная проста з Вільні, хаця стаіць у Беларусі. Ці вераць у адлігу палітыкі ды эксперты ў Вільні і Менску? Высвятляў Аркадзь Несцярэнка.

Беларуска-расейская каша атручаная бруднай нафтай

Спрэчку Менску з Крамлём каментуе Каміль Клысіньскі, старэйшы аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве

Вучэнні «Абаронца Еўропы 2020» пачаліся. Як Лукашэнка іх выкарыстае?

Найбольшае ад часоў «Халоднай вайны» перакідванне сілаў ЗША ў Еўропу пачалося. У Бельгіі стартаваў першы этап вучэнняў «Абаронца Еўропы 2020». Пакуль на кантынент прыбываюць першыя адзінкі тэхнікі для падрыхтоўкі манеўраў, аднак у Расеі дзяржаўная прапаганда пачала вэрхал на тэму «натаўскай агрэсіі». Ці ёсць чаго баяцца Пуціну і Лукашэнку? Адказ мы шукалі разам з былым камандуючым сіламі ЗША ў Еўропе, а цяпер адным з кіраўнікоў Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Бэнам Годжэзам і былым міністрам абароны Польшчы Рамуальдам Шарамецьевым. Матэрыял Змітра Міцкевіча.

Брэкзіт для афіцыйнага Менску і для беларусаў ў Лондане

У Менску выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу ўспрымаюць як акно магчымасцяў, у Лондане кажуць, што зменаў чакаць не варта. Але шанцы перазапусціць нашыя дачыненні з Брытаніяй ёсць. Пра тое, ад каго паляпшэнне адносінаў паміж Лонданам і Менскам залежыць больш, – Дзяніс Дзюба.

Вялікая Брытанія не вернецца ў Еўразвяз

Цяпер ужо былы еўрадэпутат з Ўэльсу Нэйтан Гіл рады таму што ягоная праца ў Еўрапарламенце скончылася. Ён змагаўся за брэкзіт – выйсце Аб’яднанага каралеўства з Аб’яднанай Еўропы. Што брытанскія выспы атрымаюць і што страцяць пасля вяртання да самастойнага плавання? Інтэрв’ю Алеся Сіліча з Бруселю.

10 гадоў «Прасвету»

6 лютага 2010-га ў эфір выйшла першае выданне міжнароднай аналітычнай праграмы. Як тады выглядала праграма – у нашым кароткім відэакліпе.

Праз тыдзень мы пакажам эксклюзіўныя матэрыялы з нарады міністраў абароны NATO ў Бруселі.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.