Дырэктарку «MolaMola» пераследавалі за супрацу з Эдуардам Бабарыкам


Пераслед дырэктаркі краўдфандынгавых платформаў «MolaMola» і «Вулей», палітычная эміграцыя працаўніка «Беларуськалію» і новыя песні, спектаклі ды першая кніга акторкі Ганны Хітрык. Пра гэта – у праграме «Беларускі свет».

Дырэктарка кампаніі Аліна Лісаковіч, якой належаць краўдфандынгавыя платформы «MolaMola» і «Вулей», яшчэ да выбараў перажыла не адзін ператрус і 8-гадзінны допыт.

«Спачатку паехалі ў стары офіс, дзе размяшчалася нашая кампанія, але мне не казалі, куды мы едзем далей. Мне не дазвалялі карыстацца тэлефонам. Пасля таго, як быў ператрус у офісе, я запытала, што будзе далей. Яны сказалі: зараз мы паедзем да вас дадому. Яны забралі асабістую працоўную тэхніку, усе дакументы. Я запытала: што далей? Мне сказалі, што цяпер мы едзем у КДБ», – згадвае Аліна падзеі, якімі кіравалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Падчас допыту ў КДБ стала зразумела, што следчых цікавіць выключна дзейнасць Эдуарда Бабарыкі, сына палітыка і банкіра Віктара Бабарыкі. Распытвалі пра ролю Эдуарда і ягоныя паўнамоцтвы ў кампаніі.

«Мне было не зразумела, выйду ці не ў той дзень. І пыталася ў следчага. А ён казаў: мы не ведаем, выйдзеце вы адсюль ці не, усё залежыць ад вас», – прыгадвае Аліна Лісаковіч.

Пасля шматлікіх затрыманняў людзей з кола Віктара Бабарыкі яна вырашыла з’ехаць з Беларусі ва Украіну. Цяпер Аліна жыве ў Празе, куды прыехала, каб падзяліцца з калегамі досведам беларускага краўдфаўдынгу.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Працаўнік «Беларуськалію» з 25-гадовым стажам вымушаны быў пакінуць краіну.
  • Акторка і спявачка Ганна Хітрык, якая цяпер жыве ў Ізраілі, пераадольвае боль і страх за суайчыннікаў з дапамогаю творчасці.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu