Дрыфтынг у Раўбічах: найбуйнейшая гонка сезону


Раўбічы ўжо другі раз прымаюць спаборніцтвы па дрыфтынгу, аднак упершыню такога ўражвальнага маштабу: галоўную і найбуйнейшую гонку арганізатары пакінулі на закрыццё сёлетняга сезону.

Дрыфт – гэта тэхніка праходжання паваротаў з выкарыстаннем заносу на максімальна магчымай для ўтрымання на трасе хуткасці. Спаборніцтвы праводзяцца на асфальце, лёдзе, трасах з вялікаю колькасцю паваротаў. Дрыфтынг як від аўтаспорту заснаваны на відовішчнасці праходжання паваротаў у заносе.Пераважна выкарыстоўваюцца аўтамабілі з заднім прыводам.

Яўген Нікіцін, дырэктар спаборніцтваў па дрыфтынгу:

«Спаборніцтвы складаюцца з дзвюх частак: адразу адбываецца кваліфікацыя, затым – асноўныя заезды, калі пілоты праходзяць трасу па заданню судзейскага корпусу».

У фінал Кубка Усходняй Еўропы кваліфікавалася 24 пілоты, якія міжсобку выяўлялі найлепшага. Спартоўцы стартавалі пад мостам, затым выконвалі пастаноўку аўта і на вялікай хуткасці ў кіраваным заносе выляталі на стадыён, дзе праязджалі асноўную канфігурацыю трасы перад гледачамі. Дарэчы, лакацыя гонкі дый сама траса вельмі спадабаліся ўдзельнікам.

Яраслаў Крэмец, рэйсэр (Украіна):

«Траса вельмі цікавая, з добрым ухілам, аўта трэба вельмі якасна гатаваць. Пілотаў вельмі шмат, яны па-рознаму ганяюцца, а спаборніцтвы вельмі цікавыя».

Сяргей Лабкоў, рэйсэр (Беларусь):

«Спаборніцтвы вельмі эмацыйныя, траса супер. З улікам таго, што ў мяне аўта з малой магутнасцю, на высокія месцы я не прэтэндую, але ганяюся з задавальненнем».

Аляксей Шкуратаў, рэйсэр (Беларусь):

«Сёння проста топ, я не ведаю, амаль Чэмпіянат свету. Шмат гасцей, вельмі крута пілатуюць, усе супер».

У такіх спаборніцтвах на халодным паветры без перапынку – ніяк. Гледачы адправіліся піць каву і гарбату, рэйсэрам жа і механікам спакой толькі сніцца: уся ўвага надаецца гэтак званым балідам, абы не падвёў на трасе. Спартовец з Украіны Аляксей Галаўня, у выніку срэбны прызёр Кубка Усходняй Еўропы, падкрэсліў, што дрыфтынг вымагае шмат часу і фінансаў:

«Не я выбраў дрыфтынг, а ён мяне, таму ўсё само сабою так атрымалася. Усё вельмі складана, ад падрыхтоўкі аўтамабіля да ўдзелу. Лагістыка, усё, што звязанае з дрыфтам, – гэта ўсё складана фінансава, эмацыйна, фізічна і маральна».

Магамед Амараў, рэйсэр (Расея):

«Усе малайцы, я трапляў на добрых пілотаў, былі класныя заезды, я мяркую, што гледачы атрымалі асалоду ад заездаў».

Вечарэла, халадала, у чаканні заездаў саграваліся хто як мог. Аператар ціскаў на кнопачкі, журналіст таксама не стаяў на месцы. Пілоты ўжо з’явіліся на трасе, гледачы вярнуліся на трыбуны, суддзі занялі звыклыя месцы. Мы таксама не выключэнне – хуценька робім невялічкі мэйкап і да стэндапу ў вечаровых умовах практычна гатовыя.

Асаблівасцю Кубка Усходняй Еўропы па дрыфтынгу стала тое, што найлепшыя пілоты, якія адабраліся ў фінал, сваё майстэрства далей дэманстравалі таксама пад святлом пражэктараў, што, безумоўна, парадавала заўзятараў. Амаль 8 гадзінаў, якія мы правялі ў гэты дзень у Раўбічах, хутка праляцелі. Канкурэнцыя была проста вар’яцкай.

Акрамя нашых спартоўцаў, было шмат расейцаў, таксама ганяліся прадстаўнікі Украіны, Літвы, Фінляндыі, Эстоніі ды Польшчы. Галоўны прыз павёз на радзіму эстонец Валдма Харальд. Наш аператар заўжды выбірае добрыя месцы, каб зняць шыкоўны планы, за што гэтым разам ён і камера былі ўзнагароджаныя пырскамі шампанскага ад пераможцаў.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu