«Друіды» у лесе. Гарадзенскія атлеты стварылі бясплатны спартовы клуб


Каб трымаць сваё цела ў добрай фізічнай форме, не абавязкова наведваць платныя фітнес-клубы і займацца з трэнерам. Дастаткова мець жаданне: трэнінгі двух гарадзенскіх атлетаў за паўгода пераўтварыліся ў цэлы спартовы рух.

Два гарадзенскія атлеты ў красавіку гэтага года пачалі трэнавацца на свежым паветры. Потым узнікла ідэя запрашаць на заняткі ўсіх ахвотных, каб дапамагаць развіваць цела і пашыраць сярод гараджанаў ідэі здаровага ладу жыцця – цалкам бясплатна. У хуткім часе атлеты зразумелі, што іхныя трэнінгі карыстаюцца попытам і зарганізавалі аматарскі спартовы клуб «Друід кру» («Druid crew»), або «Друіды».

«Пачалося ўсё з таго, што ў нас з таварышам была вольная нядзеля, якую трэба было чымсьці заняць. Вырашылі прысвяціць гэтую нядзелю трэніроўкам. Спачатку планавалі, што будзем у нядзелі збірацца, прыходзіць і трэнаваць людзей», – распавядае Віталь Патрон, «Druid crew».

За паўгода да трэнінгаў далучыліся каля 50 чалавек. На занятках атлеты-аматары займаюцца практыкаваннямі з уласнаю вагою, што дапамагае спальваць лішнія калорыі. «Друіды» імкнуцца да ўніверсальнасці, таму прапарцыйна працуюць над развіццём трываласці ды моцы. А нагадаваць цяглічную масу дазваляюць заняткі з дадатковымі прыстасаваннямі, якія сябры клубу робяць самі.

«Праводзім трэніроўкі функцыянальныя. Штосьці кшталту крос-фіту. Выкарыстоўваем падручныя сродкі, такія, як бярвенні, камяні, колы вунь прывезлі. Функцыяналку развіваем, дыхальнае. Турнічкі трошкі дадаем. Не абавязкова хадзіць у трэнажорную залу, каб развіць сваё цела і разгрузіць мозг», – кажа Аляксей Сцяпанычаў, «Druid crew».

Трэнінгі наведваюць як мужчыны, гэтак і жанчыны розных узростаў, а таксама з розным узроўнем падрыхтаванасці. Калектыўны дух і ўзаемная матывацыя – найважнейшыя складнікі для «Друідаў», таму пачаткоўцам заўсёды дапамагаюць падабраць патрэбныя практыкаванні ды тэмп больш дасведчаныя атлеты. Галоўнае для сябраў клубу – агульны прагрэс.

«Гэта не зала, дзе душна, дзе сцены ціснуць, а гэта проста прастора, у якую ты проста ныраеш і займаешся. Вось сябе адчуваеш, зямлю нашую адчуваеш, увогуле кайф атрымліваеш».

«Узбадзёрыцца, набрацца энергіі на цэлы тыдзень, выплюхнуць увесь негатыў на трэніроўцы, які назапасіўся. Разрадзіцца, пагутарыць з людзьмі».

«Спорт – гэта рух. Рух – гэта нашая энергія, дае нам моцы, упэўненасці, прыемны час правядзення з блізкімі па духу табе людзьмі. Ну і ўсё ж такі гэта настрой», – каментуюць атлеты.

Набліжэнне халадоў не палохае атлетаў, яны працягнуць займацца на свежым паветры нават узімку ды заклікаюць усіх, хто хоча трымаць свае цела і дух у добрай форме, далучацца да спартовага клубу «Druid crew».

Мікола Дзямідаў belsat.eu