Дробны бізнес: ці выжыве?


Шмат разоў улады Беларусі пагражалі прыбраць прадпрымальнікаў з рынку. Дзяржава абяцала «цывілізаваць» дробных бізнесоўцаў, хоць часам гэтак называла звычайныя паборы.Меліся знікнуць гандляры з рынкаў і ў сувязі з новымі рэаліямі, маўляў, іх заменяць буйныя гандлёвыя цэнтры. У доўгім супрацьстаянні паміж дзяржаваю ды прадпрымальнікамі – зноў статус-кво, толькі раз-пораз выбухаюць канфлікты.Указ № 666 кіраўніка Беларусі абавязвае ўсіх гандляроў мець сертыфікат паходжання тавару, які яны прадаюць. Пераважна гэты тавар паходзіць з Расеі, дзе праз адрознасці ў заканадаўстве паміж нашымі краінамі такі дакумент атрымаць амаль немагчыма. Атрымліваецца, што гандляры дэ-факта працуюць, як і раней: прадаюць тавар, плацяць падаткі, – але дэ-юрэ дзеюць ужо нелегальна.Прадпрымальніца Тамара, якая вядзе свой бізнес амаль 20 гадоў, да прыкладу, купіла тавар паводле накладной, аплаціла 20 % падатку за ўвоз, але яе палічылі парушальніцай закону і прысудзілі штраф памерам Br 19 млн, бо ейны тавар не меў сертыфікату.«Я ўсё жыццё працую. Я – не дармаедка. Я ўвогуле за сабой ніякай віны не адчуваю», – адзначыла Тамара.

МЯ, belsat.eu