Драма беларусаў у тым, што намі кіруюць «савецкія» улады?


«Народ не гатовы да рэформаў і зменаў традыцый» – гэтымі словамі ўлады часта тлумачаць адмову ад любых прагрэсіўных зменаў у Беларусі. Госць праграмы «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам медыяэксперт Андрэй Аляксандраў падзяліўся думкамі аб тым, чаму такое стаўленне адкідае Беларусь на дзесяцігоддзі назад.

Сёння мала спадзеву на тое, што любыя прагрэсіўныя змены прыйдуць у Беларусь зверху, упэўнены медыяэксперт Андрэй Аляксандраў. У тых, хто сёння займае кіроўныя пазіцыі ва ўладзе, досыць прымітыўныя ўяўленні аб сапраўдных беларускіх каштоўнасцях і традыцыях.

«Драма беларусаў, мне падаецца ў тым, што кіруюць намі якраз такі людзі, якія абапіраюцца зусім на іншую традыцыю, якія выйшлі з савецкай традыцыі, якая фактычна фізічна знішчала людзей, якія з’яўляюцца носьбітамі традыцыі свабоды», – лічыць эксперт.

Цемрашальскія традыцыі, якія апяваюць беларускія чыноўнікі, мусяць саступіць і адкрыць дарогу для іншых каштоўнасцяў.

«Замест незразумелых старых «славянскіх традыцый» мусіць прыйсці новае, бо так пабудаваны сённяшні сучасны свет. Сучасныя традыцыі, якія дэманструюць самыя паспяховыя краіны як раз палягаюць у павазе да чалавечага жыцця, чалавечай годнасці, да правоў чалавека і да ліберальнай дэмакратыі», – зазначыў Аляксандраў.