Доналд Трамп хоча цёплых дачыненняў з Уладзімірам Пуціным


Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Доналд Трамп падзяліўся сваймі чаканнямі цёплых дачыненняў з Уладзімірам Пуціным. Паводле скандальнага палітыка, расейскі прэзідэнт куды лепшы лідар за Барака Оўбаму.

Нібыта ў адказ на заявы Гілары Клінтан пра тое, што Расея можа ўмяшацца ў амерыканскія выбары, Доналд Трам выступаючы на форуме ветэранаў збройных сілаў ЗША толькі падкрэсліў сваю сімпатыю да Уладзіміра Пуціна. Рэспубліканскі кандыдат нагадаў, што сёлета ў студзені расейскі лідар назваў яго «яскравай і таленавітай асобай», чым Трамп дагэтуль ганарыцца.

«Калі ён кажа выдатныя словы пра мяне, то я адкажу яму ўзаемнасцю. Я ўжо казаў – ён вялікі лідар, то бок – можна казаць пра яго ўсе гэтыя жахлівыя рэчы, але ён мае поўны кантроль над краінай. Хоць гэта і зусім іншая сістэма і я мне яна не мусіць падабацца. Але безумоўна, што ў гэтай сістэме ён куды лепшы лідар, чым наш прэзідэнт», – заўважыў кандыдат на прэзідэнцтва ў ЗША Доналд Трамп.

У сваю чаргу суперніца Трампа была вымушаная ў чарговы раз тлумачыцца за скандал вакол сваёй электроннай пошты. Сёлета ўлетку інспектар Дзярждэпартаменту апублікаваў даклад з якога вынікала, што Клінтан выкарыстоўвала мабільныя прылады для вядзення афіцыйнай перапіскі з уласнага паштовага акаўнту. Ізноў падкрэсліўшы, што дзеяла ў межах сваіх абавязкаў, Клінтан падзялілася сваім бачаннем таго, якім павінен быць прэзідэнт Злучаных Штатаў.

Гілары Клінтан заўважыла: «Што вы хочаце бачыць у прэзідэнце, у галоўнакамандуючым, дык гэта здольнасць прыслухоўвацца, цаніць парады, якія ён, ці яна атрымліваюць, і быць у стане спакойна і ўзважана прыняць тое ці іншае цяжкае рашэнне».

Кандыдатка ад дэмакратаў неаднаразова заяўляла, што скандальны і папулісцкі характар Доналда Трампа не дазваляе таму быць прэзідэнтам ЗША. Між іншага гаворка вядзецца пра заклікі Трампа вывесці ЗША з шэрагаў НАТО, дазволіць кожнай краіне мець ядравую зброю, высяліць усіх мусульманаў з краіны ды іншае. Шэраг амерыканскіх ветэранаў выступілі не столькі ў падтрыманне Гілары Клінтан, колькі з заклікам не дапусціць Трампа да ўлады.

«Кожны раз калі Доналд Трамп адкрывае свой рот, ён абражае амерыканцаў, абражае ветэранаў, ставіць жыцці нашых жаўнераў пад пагрозу і гэтая асоба проста не здольная быць галоўнакамандуючым нашага вялікага народу», – мяркуе ветэран арміі ЗША, мусульманін Шаг Чаўдгуры.

У Вашынгтоне ж сурʼёзна ставяцца да магчымага ўмяшання Крамля ў амерыканскі выбарчы працэс. Міністр абароны ЗША папярэдзіў Расею перад такімі спробамі, заявіўшы, што ЗША будуць востра рэагаваць на такія намаганні.

УШ, belsat.eu. Фота hvylya.net