«Добрыя, годныя людзі там стаяць». Год Курапацкай варце


Споўніўся роўна год Курапацкай варце ля рэстарану «Паедзем паядзім». У любое надвор’е, дождж, снег, холад ці спёку неабыякавыя людзі, абʼяднаныя адной мэтай, рабілі тое, што лічаць правільным. Галіна Абакунчык пабывала на месцы варты сёння і задала пытанні натхняльнікам і актыўным удзельнікам гэтае ініцыятывы.

Галіна Абакунчык: Зараз з знаходжуся каля ўрочышча Курапаты, каля сумнавядомай рэстарацыі «Паедзем паядзім». Роўна год трывае абарона Курапатаў. Зміцер, ад чаго трэба бараніць Курапаты?

Зміцер Дашкевіч: Трэба бараніць ад вось гэтых манкуртаў, якія святкуюць тут, паглядзіце! Кожны дзень дзіцячае свята. Памяць нявіннай крыві трэба бараніць ад тых, хто весяліцца тут кожны дзень.

Галіна Абакунчык: Што самае цяжкае пры абароне Курапатаў?

Ганна Шапуцька: Адчуваеш бездапаможнасць ва ўсёй гэтай сітуацыі, калі ты разумееш, што адзін чалавек, адзін чалавек, не вось гэтыя бізнесоўцы, якія пабудавалі гэты «Бульбаш-хол», а адзін чалавек, Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, вырашае ўсё тут.

Павал Севярынец, сустаршыня БХД, адзін з пачынальнікаў Курапацкай варты:

«Гэта вялікі чын. Яшчэ ў найноўшай гісторыі не было выпадку, каб людзі кожны дзень, на працягу года з бел-чырвона-белымі сцягамі пад штрафамі, пад суткамі выходзілі за Беларусь. Варта ў Курапатах аказалася самай доўгай з усіх абаронаў Курапатаў і з усіх марафонаў, усіх акцыяў беларускага руху.

Гэта зараз дзеючая пляцоўка, куды можна запрасіць людзей. Прыходзьце, калі ласка, на Курапаты, там пагамонім, там пазнаёмімся, там будзем вырашаць і планаваць, што рабіць далей. Праз гэта многія рухі атрымалі папаўненне, аднавіўся «Малады Фронт», БХД багата атрымала надзейных сябраў…»

Працяг размовы – у відэа.

Ці варта працягваць змаганне за Курапаты надалей і чаму? Жыхары Менску адказваюць.

belsat.eu