Даваць/Не даваць веры: бомба КНДР


У Паўночнай Карэі сёння падвойнае свята. У гадавіну паўстання народна-дэмакратычнай дзяржавы гледачы мясцовага тэлебачання даведаліся добрую, прынамсі паводле дзяржаўнай прапаганды, навіну.

«Нашыя тэхнікі і навукоўцы Інстытуту ядравых узбраенняў правялі падземнае выпрабаванне ядравай зброі, каб спраўдзіць магутнасць нашай новай боегалоўкі! Пацверджана, што радыеактыўныя субстанцыі не выйшлі на паверхню пад час тэсту і няма ніякага негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе», – прагучала сёння ў выданні навінаў Паўночнакарэйскага тэлебачання.

Пхеньян заяўляе, што ў хуткім часе будзе гатовы ўсталяваць сваю новую тэрмаядравую боегалоўку – прыкладна ў 30 тыс. кілатонаў у тратылавым эквіваленце, што ў два разы болей за бомбу, што ўпала на Хірасіму, – на балістычную ракету. Чарговае парушэнне рэзалюцыі Савету Бяспекі ААН, што забараняе Пхеньяну распрацоўваць ядравую зброю – адна з нешматлікіх праблемаў, на якую ЗША і Расея глядзяць аднолькава.

«Натуральна, гэтая падзея найбольш хвалюе суседзяў – Японію і Паўднёвую Карэю. Але я магу ўпэўнена сказаць, што і Расея, і Кітай разам са Злучанымі Штатамі падзяляюць агульную заклапочанасць. Мы ўсцяж намагаемся зразумець, што дакладна адбылося, і я думаю, Барак Оўбама вынесе гэтае пытанне на ўзровень ААН», – заявіў амерыканскі дзяржсакратар Джон Керы.

Сяргей Лаўроў падтрымаў свайго амерыканскага калегу і выказаў глыбокі клопат дзеяннямі Пхеньяну. Але далей за ўласна дыпламатычныя заявы справа зрэдку ідзе. Традыцыйна найгучней выказваюцца Токіа і Сеул.

«Нашыя збройныя сілы ня будуць мірыцца з чарговым ядравым тэстам Паўночнай Карэі. Як мы папярэджвалі раней, мы прымем усе магчымыя захады, каб Поўнач адмовілася ад сваёй ядравай праграмы», – заявіў дырэктар стратэгічнага планавання генштабу Паўднёвай Карэі Лім Хо Янг.

Якія захады спыняць Пхеньян?

У лютым Савет Бяспекі ААН адзінагалосна прагаласаваў за самыя жорсткія гандлёвыя і эканамічныя санкцыі ў гісторыі Паўночнай Карэі. На што карэйскі лідар Кім Чэн Ын толькі параіў народу рыхтавацца да цяжкіх і галодных часоў і загадаў працягваць працу над ядравай праграмай. Праўда дакладна ацаніць ейны патэнцыял практычна немагчыма.

«Магчыма Паўночная Карэя здзейсніла гэты тэст з нагоды свайго нацыянальнага свята, але я не хачу каментаваць, дзеля чаго яны гэта робяць. Тым не менш гэта пагроза і мы ня ведаем, ці за іхнымі дзеяннямі стаяць нейкія рацыянальныя прычыны. Тым не менш, надзвычай малаверагодна, каб Паўночная Карэя сапраўды мела тэрмаядравую бомбу», – лічыць міністр абароны Японіі Тамоні Інада.

Сейсмолагі ня могуць ацаніць, ці быў землятрус магнітудай больш як у 5 рыхтараў выкліканы менавіта ядравай зброяй. Тым ня менш, мяркуецца, што Пхеньян валодае пэўнай колькасцю ядравых прыладаў, але не ў стане ўсталяваць іх на балістычныя ракеты, выпрабаванні якіх з розным поспехам праводзяцца ледзь не кожныя некалькі месяцаў

Усевалад Шлыкаў