Дашкевіч: 25 гадоў дзяржава праводзіла этнацыд беларусаў


Праблемы з беларускамоўнай адукацыяй у школах і вышэйшых навучальных установах у Беларусі няма. Гэтак мяркуюць у Міністэрстве адукацыі краіны, у прыватнасці сітуацыю ў сферы агенцтву «Белапан» пракаментавала прэсавы сакратар Людміла Высоцкая. З ейных словаў, ніякіх перашкодаў дзеля адукацыі на роднай мове няма. Былі б ахвотныя. Гэта рэакцыя прагучала ў кантэксце калектыўнага звароту да ведамства аб падтрыманні навучальнага працэсу на беларускай мове. У межах гэтай кампаніі сабралі 2188 подпісаў. Адзін з ініцыятараў кампаніі, лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч пракаментаваў сітуацыю.

На пытанне, якія праблемы ва ўжыванні беларускай мовы ў сістэме адукацыі, Зміцер Дашкевіч заявіў:

«Праблема ў палітыцы сучаснай дзяржавы. Гавару, магчыма, непапулярныя сёння словы, але я перакананы, што беларуская дзяржава 25 гадоў праводзіла этнацыд беларускага народу, як не парадаксальна. Ствараліся самыя неспрыяльныя ўмовы. Давайце не будзем забываць, што чалавек, які кіруе Беларуссю, не аднойчы абражаў беларускую мову».