Сведкі. 1990-я Дарогамі герояў мінулага


У змаганні за незалежнасць Беларусі сучасныя патрыёты, дэмакратычныя актывісты апелявалі і апелююць да гераічных, змагарных старонак айчыннай гісторыі. У савецкія часы забытыя, забароненыя імёны сапраўдных герояў адраджэнцы 1990-х гадоў вярталі народу. Ушанаванне іх памяці стала традыцыяй, а акцыі ў гэтым звязку выклікалі раздражненне ва ўладаў і нават рэпрэсіі да іх удзельнікаў.

Гэтыя акцыі адбываліся пад бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам Пагоня. Такіх месцаў у Беларусі каля дзясятку. Гэта – Крапівенскае поле, дзе 8 верасня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі дружынамі. Цяпер беларускія патрыёты лічаць гэтае месца полем нацыянальнай славы. А на Мілавідзкім полі пад Баранавічамі, дзе адбылася бітва 22 траўня 1863 году паміж расейскімі карнікамі і ваярамі Кастуся Каліноўскага, сучасныя патрыёты ўшаноўваюць памяць герояў-каліноўцаў.

Мы ж пабываем у мястэчку Свіслач Гарадзенскай вобласці, дзе на праваслаўных могілках ля магілы Віктара Каліноўскага ад 1997 году дэмакратычная беларуская грамадзкасць штогод ушаноўвае памяць паўстанцаў 1863 году. Дзень памяці традыцыйна пачынаецца з ускладання кветак да магілы брата Кастуся – Віктара Каліноўскага, які быў ідэолагам паўстання 1863 году. Таксама госці кладуць кветкі да адзінага ў Беларусі помніка Кастусю Каліноўскаму і да помніка выбітнаму паўстанцу Рамуальду Траўгуту, наведваюць месца, дзе была сядзіба Каліноўскіх. Адбываецца мітынг, апошнімі гадамі і памінальная імша ў мясцовым касцёле. У днях памяці за амаль паўтара дзесяцігоддзя ўзялі ўдзел практычна ўсе знакавыя фігуры дэмакратычнай Беларусі.

Другі важны маршрут нацыянальна-дэмакратычнай грамадзкасці з 1992 году пралягае па мясцінах Слуцкага збройнага чыну – народнага паўстання супраць бальшавіцкай улады і за незалежнасць Беларусі ў 1920 годзе. Праедзем і мы разам з адным з ініцыятараў ушанавання памяці герояў Вячаславам Сіўчыкам гэтым маршрутам: вёскі Семежава, Грозава (Капыльскі раён) – вёска Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) – горад Слуцак. З пачатку 1990-х гадоў Беларускі Народны Фронт паспеў паставіць на месцах змаганняў тры крыжы, ля якіх штогод у лістападзе ўскладаюцца кветкі і разгортваюцца бел-чырвона-белыя сцягі, а сябры арганізацыі «Моладзь БНФ» прысягаюць на вернасць Беларусі.

Сведкі – Валянцін Акудовіч, Вячаслаў Сіўчык.[/vc_column_text][/vc_column][/vc_row]

Глядзі таксама
Каментары