Дапамога згвалтаваным, падпольныя аперацыі. Страшныя прызнанні медыкаў


Першымі, хто выступіў супраць паслявыбарчага гвалту сілавікоў, сталі работнікі медыцыны. Менавіта яны найбліжэй сутыкнуліся з наступствамі ўзброенага разгону дэманстрацый і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў. Прызнанні дактароў – у праграме «Шчыра кажучы».

Дзень 9 жніўня пачынаўся ў працаўнікоў медыцыны трывожна. Сігналы аб чаканым паслявыбарчым гвалце паступалі задоўга да асноўнага дня галасавання, распавядае Алена Хоміч, патолагаанатам і судмедэксперт:

«Рыхтавалі свае кансультацыйныя медычныя блокі, каб ратаваць людзей, бо ведалі, што будзе беспакараная бойня з боку ўладаў. Мы выдатна ведалі і былі папярэджаныя, што аддадзены загад страляць на паражэнне, загад біць, хапаць».

Медык Алена Хоміч разам з калегамі аказвала валанцёрскую дапамогу пацярпелым у палявых умовах, каб яны не мусiлi звяртацца па дапамогу афіцыйна і не траплялі такім чынам у поле зроку сілавікоў.

«Яны замыкаліся ў сваіх карэтах хуткай дапамогі ды тварылі цуды. Фактычна хірургію на месцы. Каб выратаваць рукі, ногі, апечаныя вочы».

Асноўны ўдар прыняла на сябе бальніца хуткай дапамогі. Прычым самыя цяжкія пацыенты былі не з мірных акцыяў пратэстаў, дзе пацярпелі ад гумавых куляў ды святлошумавых гранатаў, – а людзі, якіх збівалі ды катавалі ў міліцэйскіх пастарунках ды ізалятарах часовага ўтрымання.

«Медыкі, якія гадамі працавалі ў рэанімацыі, на хуткай дапамозе, якія бачылі шмат і якія не баяцца таго, што звычайнага чалавека шакуе, з дрыготкімі рукамі ды слязьмі на вачах расказвалі пра сур’ёзныя траўмы і пашкоджанне ўнутраных органаў, шматлікія падцёкі пад абалонкі і ў рэчыва галаўнога мозгу, пра ўнутраныя крывацёкі ды разрывы органаў. Не кажучы пра шматлікіх мужчынаў з разрывам прамой кішкі – зразумела, ад чаго… Зноў жа, са словаў, я сама не сутыкалася з тымі жанчынамі, але вядома, што былі сур’ёзныя пашкоджанні як вонкавых, гэтак і ўнутраных палавых органаў», – сведчыць рэаніматолаг Кацярына Мяржынскас.

Шчыра кажучы
«Стаяць са шчытом я не буду». У студыі «Белсату» – допыты былых сілавікоў
2020.09.09 19:10

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы» сведчанні ды падзякі калегам ад знанага беларускага медыка Аляксандра Мрочака, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялогія», якога паказальна звольнілі за грамадзянскую пазіцыю.


Пасля выхаду праграмы «Шчыра кажучы» аб медыках нашымі героямі сталі цікавіцца супрацоўнікі МУС.


Кацярына Мяржынскас атрымала званок ужо на наступны дзень, 17 верасня. Супрацоўніка Цэнтральнага ўпраўлення МУС Яўгена Бондара цікавілі пацярпелыя і кантактныя звесткі медыкаў, якія аказвалі дапамогу. Мэта – зафіксаваць траўмы і распачаць крымінальныя справы ў дачыненні сілавікоў. Дзяўчына адмовілася выдаваць асабістыя звесткі. 18 верасня Кацярыну выклікалі ў кабінет дырэктара на размову, там яе чакалі два супрацоўнікі МУС.

«Усё было вельмі ветліва, ніхто не пагражаў. Яны з майго дазволу вялі відэазапіс, а я аўдыёзапіс. Спрабавалі высветліць падрабязна пра выпадкі гвалту. Я не распавядала. Гэта медычная таямніца, персанальныя звесткі я не маю права выдаваць. Яны запоўнілі пратакол, я яго падпісала. Як мне падалося, нічога не прыпісвалі. Там усё без указання асобаў пацярпелых».

21 верасня супрацоўнікі МУС зноў прыйшлі на працу да Кацярыны. Яе начальнік настаяў, каб яна паехала з міліцыяй. Доктарка адмовілася размаўляць без адваката. Па дарозе ў МУС – шмат пытанняў. Запэўнівалі, што баяцца няма чаго.

«Мяне адвялі ў кабінет Свірыда Максіма Аляксандравіча, ён быў вельмі ветлівы і тактоўны. Спрабаваў высветліць усе моманты, я сказала, што чакаю адваката. 1,5 гадзіны размаўлялі на агульныя тэмы. Пасля прыезду адваката гаварылі яшчэ 2,5 гадзіны. Пытанні былі пра інтэрв’ю, літаральна аб кожнай секундзе. Хто, што, імёны, прозвішчы, адрасы, раёны, дзе бралі медыкаменты, у якім абʼёме? Мы з адвакатам адмаўляліся выдаваць асабістыя звесткі людзей».

Супрацоўнік МУС папярэдзіў, што званкі ды паведамленні Кацярыны з 9 да 13 жніўня будуць вынятыя. Настойваў, каб дзяўчына запісала відэаабвяржэнне, што яна нібыта нічога не бачыла і не ведае.

«Мы з адвакатам адмовіліся. Сказалі, што не давяраем такому запісу. Ды і якое можа быць абвяржэнне, калі я бачыла і ведаю? Яны прапанавалі даць інтэрвʼю ОНТ. Мы таксама адмовіліся. Бо яны паказвалі, як каласяцца палі падчас ковіда, калі людзі паміралі. Я ім не давяраю».

Два разы супрацоўнікі МУС прыходзілі і да Алены Хоміч. Апошні візіт быў 22 верасня. Цікавіла канкрэтнае пытанне: прозвішчы дактароў, хто дапамагаў. Жанчына адмовілася выдаваць кантакты.

«Быў канкрэтны ціск. Гэта мая справа – каму дапамагаць, дзе і пры якіх абставінах. Мы маем поўнае права распараджацца асабістым часам. Супрацоўнік склаў пратакол, там апісваў месцы працы і назву групы ў сацыяльных сетках. Я сказала, што расцэньваю гэты факт як ганенне і пераслед. Таксама пытаўся імёны і прозвішчы журналістаў, з якімі я кантактавала».

Глядзіце іншыя выданні праграмы «Шчыра кажучы».

НI, belsat.eu