«Cinema Perpetuum Mobile 2017» стартаваў у прасторы «Корпус»


Вечны рухавік гэтага фестывалю кароткаметражак круціцца ўжо шосты год. Тут пакажуць дакументальныя, анімацыйныя, мастацкія фільмы з больш як 20 краінаў.

Штогод арганізатары атрымліваюць каля 1000 заявак ад незалежных рэжысёраў з усяго свету, адбор праходзіць толькі дзясятая частка. Фармат разнастайны: фільмы на вострыя сацыяльныя тэмы і дзіцячая анімацыйная праграма. Беларускае кіно прэзентаванае ў асноўным конкурсе дзевяццю кароткаметражкамі.

А ў асобную секцыю сёлета арганізатары вылучылі фільмы з элементамі мультымедыя – такімі, як відэаблогінг, 3D-мэпінг, кліпавыя працы, кажа каардынатарка фестывалю Ганна Ражанцова: «У гэтай праграме ёсць некалькі працаў, якія спалучаюць элементы фота і відэа. І гэта працы, якія рабілі нашыя беларускія фатографы Аляксандр Васюковіч, Сяргей Гудзілін, Максім Сарычаў. Таксама ёсць некалькі працаў на мяжы перформансу і відэа».

З фільмам-перформансам, які называецца «Прызнанне ў каханні», у конкурсе бярэ ўдзел мастак Зміцер Веляскевіч, мэтай якога было праверыць мяжу дазволенага ў разуменні менчукоў: «Я хадзіў з мегафонам па вуліцах і прызнаваўся ў каханні дзяўчатам».

Яшчэ адзін фільм з беларускай праграмы «Адамаў яблык» здымаўся падчас кіналетніка «Хранатоп». Калекцыянер антыкварыяту прыходзіць у вёску Каптаруны, каб скрасці каштоўнасці з закінутай хаты, але нечакана для сябе знаходзіць тут гармонію з прыродай.

У Лас-Вегасе адбыўся кінакангрэс «Сінемакон». Першая частка

Фільм зняты ўсяго за чатыры дні, прызнаецца рэжысёрка Алена Ясінская: «Гэта была пэўная імправізацыя, асноўную гісторыю мы трымалі ў галаве, але яна была падатлівая, магла мяняцца».

Фестываль «Cinema Perpetuum Mobile» ўнікальны тым, што існуе на валанцёрскіх пачатках: у камандзе дзясяткі арганізатараў і памочнікаў. Праграма працягнецца да 9 красавіка. Найлепшыя кароткаметражкі абярэ міжнароднае і беларускае журы.

Іншыя тэмы:

  • Дзе ў Менску Горка cкарбаў і Хлусаў мост?
  • Святло і чыстая духоўнасць на выставе «Цвёрдая Вера» ў Магілёве.
  • Дзе вакол нас дызайн, а дзе – яго адсутнасць?

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»