«Чыноўнікі крадуць як у апошні раз». Як карупцыя дзейнічае ў Беларусі


З тых, хто будзе красці, будуць ляцець пёры. А можа, і трыбухі. Лукашэнка зноў заклікае ўзмацніць пакаранне за карупцыйныя злачынствы. Падчас нарады ў Менгарвыканкаме новыя карупцыйныя справы анансаваў і старшыня КДБ Валерый Вакульчык:

«Адзін з дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі, які, дарэчы, узначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, знахабіўся да такой ступені, што кожны тыдзень па чацвяргах бясплатна атрымлівае прадуктовы набор з адной з сеткавых крамаў. Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Сорамна казаць, але звычайныя рыба, курыца, алей, пельмені і нават марозіва – гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка. Прычым замовы паступаюць не толькі ад яго і ягонай жонкі, але і ад іхных сваякоў».

Уласна пра гэта паразмаўляем ужо зараз з былым дэпутатам Вярхоўнага Савету Сяргеем Антончыкам, чальцом антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі ды аўтарам знакамітай антыкарупцыйнай справаздачы ў атачэнні Лукашэнкі ў снежні 1994 года:

«Тое, што мы цяпер назіраем, – гэта звычайны прапагандысцкі спектакль. Карупцыя там – дзе ёсць канфлікт інтарэсаў. Зараз мы бачым, як пашыраюцца межы гэтага канфлікту. Гэта пашырэнне звязанае з тым, што з кожным разам чыноўнікі атрымліваюць усё больш і больш правоў. Чаму зараз кошт хабару такі невялікі? Зараз вельмі цяжкі эканамічны стан, у грамадстве адчуванне эканамічнага калапсу. Гэта перадаецца чыноўнікам. І яны пачынаюць красці як у апошні раз. Таму бяруць усё, што даюць, і марозіва, і пельмені. Можна сказаць, што гэта і маральная дэградацыя чыноўнікаў…»

belsat.eu