Мaю прaвa Чыноўнікі дзіўна трактуюць заканадаўства, а людзі атрымліваюць пратаколы


Пры канцы ліпеня жыхар Фаніпалю Зміцер Шчаглоў зыніцыяваў збор подпісаў пад калектыўным зваротам. Адрасаты – адміністрацыя кіраўніка краіны, Камітэт дзяржкантролю, пракуратура Менскай вобласці і Міністэрства транспарту. Больш за чатырыста гараджанаў, незадаволеных жыллёва-камунальнаю гаспадаркаю гораду, пакінулі свае подпісы. Але такая грамадская актыўнасць Змітра прыцягнула ўвагу праваахоўнікаў.

«Працаўнік міліцыі напісаў на мяне заяву, ён сцвердзіў, што бачыў, як я тут праводзіў масавае мерапрыемства», – распавядае Зміцер.

Разам са Змітром мы наведалі некаторыя месцы, згаданыя ў ягоным звароце. Асаблівы боль гараджанаў – стан мясцовых дарог. Мы паразмаўлялі са спадаром Уладзімірам, калі ён у руках каціў свой ровар.

«Я не езджу, я яго ў руках вяду. Выязджаю на роўнае месца ды еду. Там не паедзеш, там зломіш колы», – скардзіцца пенсіянер.

У некаторых фаніпальскіх дварах і ў добрае надвор’е замінаюць перасоўвацца яміны. Як жа тут хадзіць людзям увосень або ўзімку?

«Ну як, боты. Дзяцей наагул не пускаем, – распавядае спадарыня Кацярына. – Наагул, прыстасаваліся. Беларусы ж, мы ж прыстасоўваемся», – тлумачыць жыхарка Фаніпалю спадарыня Таццяна.

Зміцер Шчаглоў жа прыстасоўвацца не захацеў. Як вынік – выклік на допыт у Дзяржынскі РАУС.

«Ну вось, і склалі пратакол, далі яго толькі сфатаграфаваць, – кажа Зміцер. Пратакол кажа, што па арт. 23.34 КаАП я зрабіў парушэнне: арганізаваў масавае мерапрыемства», – кажа Зміцер.

Аднак спадар Шчаглоў нязгодны з такою фармулёўкаю.

«Вось папера ад Нацыянальнага сходу Палаты прадстаўнікоў, і тут – тлумачэнне Міністэрства ўнутраных справаў, дзе распісана, што збор подпісаў пад калектыўным зваротам у грамадскім месцы не з’яўляецца парушэннем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах», – спасылаецца на заканадаўства Зміцер.

А вось старшыня Фаніпальскага гарвыканкаму Уладзімір Караневіч лічыць інакш.

«Вы ж не разлічвалі, што прыйдзе адна асоба, правільна? Вы разлічвалі, што гэта будзе масавае мерапрыемства. Людзі будуць прыходзіць масава, а гэта – масавае мерапрыемства. Ёсць адпаведны Закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў», – тлумачыць сваю пазіцыю Уладзімір Караневіч.

Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», раіць асобам, якія, як Зміцер Шчаглоў, апынуліся ў падобнай сітуацыі, бараніцца ўсімі магчымымі спосабамі.

«Зазначаць тое, што ёсць і з пункту гледжання працэсуальнага, і нацыянальнага, законаў недахопы ў афармленні дакументаў. З іншага боку, што ёсць парушэнні, звязаныя з парушэннем права на мірныя сходы», – раіць юрыст.

Падчас рыхтавання праграмы стала вядома, што справа супраць Змітра Шчаглова спыненая. Праваабаронцы лічаць, што вялікую ролю ў гэтым адыграў розгалас у медыях і грамадскае падтрыманне.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Беларусы – пра спосабы развязання гарадскіх праблемаў
  • У Віцебску інвалід не можа ўладкавацца на працу
  • Самотная маці з Паставаў шукае выйсце з цяжкой жыццёвай сітуацыі
  • Пенсіянерка не пагаджаецца з Вілейскім водаканалам

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары