Чычваркін «Белсату»: Пуцін забойца, я яго баюся


«Для мяне вельмі важна, што на гэтыя выбары Пуцін ідзе разам з Мядзведзевым», – так малады таленавіты расейскі прадпрымальнік і былы саўладальнік салонаў мабільнай сувязі «Евросеть» Яўгеній Чычваркін заклікаў расейцаў аддаць свой голас на прэзідэнцкіх выбарах 2008-га года за тандэм Пуцін–Мядзведзеў.

Выбары прайшлі ў сакавіку, а ўжо ў верасні Чычваркін разам з бізнес-партнёрам пад ціскам уладаў прадаў кампанію ды зʼехаў у Вялікую Брытанію. Пра той агітацыйны фільм згадвае з сорамам:

«Так, я заклікаў галасаваць за Пуціна, таму што я баязлівец, я пабаяўся згубіць кампанію».

За 8 гадоў, якія прайшлі пасля таго, як забралі кампанію ў Расеі, прадпрымальнік паспеў пабудаваць новы бізнес на Туманным Альбіёне – адчыніў краму эксклюзіўных вінаў у Лондане. Тут і сустрэўся з карэспандэнтам «Белсату».

«Калі б медыі 2-3 месяцы належалі прыватнікам і маглі б гаварыць пра што заўгодна і да гэтага дадаць у сетку вяшчання заходнія медыі, то рэйтынг разнеслі б у трэскі», – кажа Яўген Чычваркін.

Праз 20 дзён пасля ад’езду Чычваркіна ў Лондан у Расеі супраць яго завялі крымінальную справу, а ўжо ў сакавіку 2009-га – абвесцілі ў міжнародны вышук. Запыт аб экстрадыцыі расейскія ўлады накіравалі і ў Вялікую Брытанію. Справа цягнулася 2 гады, пасля чаго пераслед нечакана прыпынілі, справу закрылі. У адным з інтэрвʼю Чычваркін кажа, што гэта магла быць ініцыятыва Мядзведзева, але цяпер у Крамлі – іншы гаспадар.

«Пуцін забойца, вядома, я яго баюся. Яго загад ліквідаваць Літвіненку, да яго ж служылыя каты прыносяць забітых палітыкаў і журналістаў, каб яго парадаваць, ён забойца», – працягвае Яўген Чычваркін.

У Лондане акрамя бізнесу Чычваркін па магчымасці займаецца грамадскімі справамі. Бярэ ўдзел у акцыях і пратэстах. Пасля Рэвалюцыі годнасці ва Украіне неаднаразова прыязджаў у Кіеў, але ў прыярытэце трымае Расею. Верыць у важнасць такіх інфармацыйных матэрыялаў, як «Панамскае дасье».

«Калі ўлада зменіцца, будуць падставы для нашага Нюрнбергу, частка дакументаў ужо будзе гатовая», – прагназуе Яўген Чычваркін.

Вярнуцца ў Расею бізнесовец абяцае адразу пасля палітычных зменаў у краіне ды дадае, што справа не толькі ў асобе Пуціна. Рэальная змена, паводле яго, адбудзецца толькі пасля адхілення ад улады ўсяго клану ФСБ.Ігар Кулей