У новай кватэры – падваконні па калена. Суд цягнецца 4 гады


Чатыры гады змагання з забудоўнікам за адпаведную кватэру

Улетку журналісты праграмы «Маю права» назіралі за судовым працэсам Аксаны Лабёнак і забудоўніка «Прыгарадбудінвест». Шмат гадоў жанчына збірала грошы на кватэру і нарэшце атрымала ключы ад уласнага жытла. Аднак радасць была нядоўгаю. Кватэра не супадае з праектам, які першапачаткова прапаноўваў «Прыгарадбудінвест» – кепская гукаізаляцыя, нізкія столі, таўшчыня сцяжкі падлогі не адпавядае нарматыву, ёсць іншыя хібы. Дом здалі чатыры гады таму, і ўвесь гэты час цягнуцца спрэчкі ды судовыя паседжанні з забудоўнікам. На адным з апошніх паседжанняў жанчыне зрабілася блага, і яе на хуткай завезлі ў лякарню. Паводле дыягназу лекараў у нашай гераіні перабоі ў рытме сэрца, знясіленне нервовае сістэмы ды панічны страх.

Шматдзетнай маці загадалі вярнуць палову сумы дапамогі на дзіця

Спадарыня Алена Церашкова – шматдзетная маці з Менску. Знаходзячыся ў адпачынку для догляду чацвертага дзіцяці, нашая гераіня жадала падпрацаваць, бо дзяржаўная дапамога для догляду за дзіцём да трох гадоў адносна невялікая, менш за 300 рублёў. Кабета падпісала дамовы падраду з «Нашаю Нівай» і стварала артыкулы для рубрыкі «Здароўе». За два месяцы супрацы з выданнем спадарыня Алена зарабіла каля двух з паловаю мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Праз некаторы час яна даведалася, што да яе маюць пытанні ў бухгалтэрыі Фонду сацыяльнае абароны: паводле закону спадарыня Церашкова мусіць вярнуць дзяржаве пяцьдзясят адсоткаў «дзіцячае дапамогі» за той час, калі падпрацоўвала ў рэдакцыі. Атрымліваецца, што за два месяцы жанчына мае атрымаць толькі дваццаць сем капеек.

Чаму жанчыны ідуць падпрацоўваць у дэкрэтным адпачынку?

Паводле закону «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, што выхоўваюць дзяцей», калі асоба, якая даглядае дзіця, жадае падпрацоўваць, памер дапамогі скарачаецца на 50 адсоткаў. Мы пацікавіліся ў грамадзянаў на вуліцах Менску: ці штомесячную дапамогу на дзіця трэба змяншаць, калі маці мае намер дадаткова падзарабіць?

Выбіўшы дзверы і вокны, у кватэру менчука памылкова ўварваліся міліцыянты

Сёлетнім жніўнем медыяпрастору ўскалыхнула гісторыя пра тое, як у кватэру менчука Дзмітрыя Серады ўварваліся міліцыянты. Каб трапіць у памяшканне, яны выламалі дзверы і разбілі аконныя шыбы, не зважаючы на тое, што там знаходзіліся малое дзіця і цяжарная жонка нашага героя. Амапаўцы збілі гаспадара кватэры, завезлі яго ў адзін са сталічных РУУС, а пасля – у Следчы камітэт на апазнанне. Там пацярпелая жанчына не змагла распазнаць у Дзмітрыі злачынца. Але, нягледзячы на гэта, яго яшчэ на ноч пакінулі пад вартаю. Праз гэты выпадак у праваахоўных органах цяпер адбываецца службовая праверка. Але ці мянчук дачакаецца прабачэння за збіццё, а таксама за псіхалагічную траўму дачкі ды цяжарнае жонкі?

Жыхары намагаюцца абараніць рэчку Гавазнянку ад паўторнае меліярацыі

Рэчку Гавязнянку знішчылі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя праз бяздумную меліярацыю. Тады ніхто не думаў, што наступствы будуць спусташальнымі. Рэчку выраўнавалі, балота знішчылі, загубілі дзясяткі крыніцаў. Толькі праз паўстагоддзя Гавязнянка патроху пачала ачуньваць: завяліся бабры, пачалося забалочванне, з’явілася рыба, аднавіліся сенакосы – на радасць жыхарам, але не чыноўнікам. Тыя намерыліся вярнуць свае каналы ды распачалі меліярацыю наноў. Аднак цяпер іншыя часы, і мясцовыя жыхары маюць змагацца за наваколле. Яны скіравалі калектыўны зварот да выканаўчых уладаў, у пракуратуру ды Менскмеліярацыю з пратэстам і нязгодаю на аднаўленне меліярацыйных працаў.