Чацвертым будзеш? Лукашэнка, Пуцін, Бэрлюсконі і Сі Цзінь Пін. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Сабчак сышла, а людзей Навальнага прэсуюць. Рэпартаж пра выбары па-смаленску.

Расейская палітычная сістэма рыхтуецца да перавыбараў Уладзіміра Пуціна. На падтрыманне галоўнага кандыдата скіраваныя неабмежаваныя рэсурсы. Крэмль ставіць грандыёзныя палітычныя шоу для наменклатуры, федэральныя каналы заліваюць эфір «патрэбнымі» сюжэтамі, інтэрнэт поўніцца кліпамі з удзелам зорак эстрады. Як да выбараў-2018 рыхтуецца Смаленск? Ігар Кулей і Зміцер Міцкевіч наведалі памежны рэгіён ды пабачылі ўсё на ўласныя вочы.

Зміцер Міцкевіч: Поўная акупацыя Смаленску беларускімі таварамі

Рэйтынг Пуціна на беларускім памежжы з Расеяй вышэйшы за рэйтынг Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшоў Зміцер Міцкевіч, журналіст «Белсату», суаўтар серыі рэпартажаў «ПраСвету» пра людзей, якія жывуць на беларуска-расейскім памежжы, і рэдактар часопісу «Varta» пра нацыянальную бяспеку.

Адкуль узяць грошы на развіццё беларуска-расейскага памежжа? Колькі там зарабляюць беларусы? Як выглядае кантроль на мяжы Беларусі і Расеі? Ці ў Смаленску прадаюцца беларускія тавары? Адказы – у інтэрв’ю.

Бэрлюсконі вяртаецца ў вялікую палітыку. Каму гэта на руку?

На выбарах у Італіі перамог… Уладзімір Пуцін. Такімі загалоўкамі заходнія медыі сустрэлі вынік выбараў у італьянскі парламент. Найбольш галасоў атрымала правая кааліцыя на чале з даўнім сябрам прэзідэнта Расеі Сільвіё Бэрлюсконі. Пуціна і Бэрлюсконі звязвае даўняе сяброўства, падмацаванае вымоўнымі ўзаемнымі падарункамі ў выглядзе ложка ды пасцельнае бялізны. Аднак такому выніку напэўна ўсцешацца і ў Менску. Чаму – ведае Вольга Жарнасек.

«Расейскія датацыі для Беларусі складаюць $ 10 млрд за год, і яны скарачаюцца». Інтэрвʼю з Камілем Клысіньскім

Летась беларуская эканоміка аднатавала рост ВУП на ўзроўні 2,4 %. Гэта першы станоўчы вынік з 2014 года. Аднак «рост беларускай эканомікі вельмі нестабільны», мяркуе Каміль Клысіньскі, галоўны адмысловец па Беларусі ў польскім урадавым аналітычным Цэнтры ўсходніх даследаванняў. Ён аўтар свежай справаздачы пра канец спаду ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь. Польскі эксперт распавядае пра тое, чаму Беларусь так і не атрымала крэдыту МВФ.

З генеральных сакратароў – у імператары

Прыбраць з мясцовай канстытуцыі абмежаванне на колькасць тэрмінаў для старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі запрапанаваў Цэнтральны камітэт камуністычнае партыі Кітаю. Сход народных прадстаўнікоў, які звычайна доўжыцца тыдзень, расцягнулі ажно да 12 дзён. Але ў тым, што дэлегаты гэтую ідэю падтрымаюць, сумневаў няма. Пра тое, якім будзе неабмежаванае валадаранне таварыша Сі Цзінь Піна, і што гэта азначае для свету ды самога Кітаю, – Усевалад Шлыкаў.