Чараўнік Вацлаў Іваноўскі


Адзін з стваральнікаў новай Беларусі, палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук і выкладчык хіміі, пазней бургамістр Менску – Вацлаў Іваноўскі. Ён марыў пра стварэнне беларускай нацыі ды незалежную Беларусь, і для Іваноўскага тое было не толькі прыгожай ідэяй.

Хімік-тэхнолаг верыў у магчымасць, як ён сам казаў, з нічога зрабіць нешта. Каб пабудаваць новую Беларусь, трэба даць людзям асвету ды пазнаёміць з роднай гісторыяй. Але як гэта зрабіць, калі няма народнай літаратуры ды гісторыі? Трэба яе стварыць і распаўсюдзіць!

У 1902 годзе Іваноўскі арганізаваў Беларускую рэвалюцыйную партыю – першую партыю ў Беларусі, якая пачала нелегальную выдавецкую дзейнасць. Спачатку выйшла адозва «Да інтэлігенцыі», затым – часопіс «Свабода», увесь наклад якога быў знішчаны. Вядома, што ў часопісе дэбютавала Алаіза Пашкевіч-Цётка са сваім вершам «Мужыцкая доля».

Самае галоўнае дасягненне Вацлава Іваноўскага як выдаўца – «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» на лацінцы, што выйшаў у ліпені 1906 года ў першай легальнай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца». Праз пару тыдняў убачыла свет і «Першае чытанне для дзяцей-беларусаў» Алаізы Пашкевіч-Цёткі, кірыліцай. Гэтак паўстаў першы школьны падручнік, на якім пазней выгадавалася беларуская літаратура.

Хто дапамагаў інжынеру Іваноўскаму скласці ды выдаць першы беларускі лемантар? Куды знік увесь наклад надрукаванага ім часопісу «Свабода»? Ці звязвалі адраджэнца рамантычныя дачыненні з Алаізай Пашкевіч-Цёткай? Глядзіце ў новай серыі «Лабірынтаў» на «Белсаце».

Глядзець іншыя серыі «Лабірынтаў»