Чаму ў вёсцы Вайвадзішкі фарбуюць кветкі?


У адным з дамоў у вёсцы Вайвадзішкі побач з Вільняй пахне, як на свежаскошаным лузе. Што адбываецца за яго сценамі?

Праграма «Вяскоўцы» зноў правярала, як жывуць нашыя суседзі. Гэтым разам вядоўца Віктар Шукеловіч наведаў літоўскую вёску Вайвадзішкі (Vaivadiškės). Тут прадстаўнікі ўжо чацвёртага пакалення сям’і Рынкевіч займаюцца даўнім промыслам – вырабляюць з сушаных кветак і зёлак традыцыйныя віленскія вербы, якія называюць яшчэ «пальмамі».

І хоць на дварэ стаіць восень і да Вербнай нядзелі яшчэ далёка, працы ідуць поўным ходам, бо нарыхтаваць усё трэба заранёў. Віктар Шукеловіч далучыўся да працэсу: жаў зёлкі сярпом, фарбаваў іх і развешваў да сушкі, а пазней сам паспрабаваў скруціць «пальму».

Віктар даведаўся, як у савецкія часы ўлады скіроўвалі войскі на разгон дзяцей і старэнькіх людзей, якія прадавалі вербы пад касцёлам.

Спадарыня Станіслава Рынкевіч узгадала таксама свайго дзядзьку, віленчука, які вельмі любіў размаўляць па-беларуску.