Чаму Сталін хацеў сустрэцца з Купалам, і што яму прапаноўвалі?


Чаму Сталін хацеў сустрэцца з нашым песняром, і што яму прапаноўваў? Ці здолеў Янка Купала пазбегнуць спакусы і ўратаваць тых, хто быў асуджаны Сталіным на немінучую смерць? Пра ўсё гэта глядзіце ў нашай новай серыі «Лабірынтаў»: «Янка Купала: таямніца смерці».

Праз усё сваё жыццё, пры ўсіх уладах і рэжымах Янка Купала перажываў неразуменне, крыўду, боль. 28 чэрвеня 1942 года ў 22:30 Янка Купала (Іван Луцэвіч) трагічна загінуў, упаўшы з дзясятага паверха гатэлю «Масква».

Гібель беларускага песняра: што гэта – няшчасны выпадак, самагубства ці спланаваная аперацыя спецслужбаў?

Адзін з герояў ягонага твору «Сон на Кургане» Сама, чалавек, які хацеў прынесці шчасце свайму народу, – а гэты ж самы народ ледзь не разарваў на кавалкі, абвінаваціўшы ва ўсіх смяротных грахах. Рахункі з жыццём вялікі беларускі паэт, драматург, публіцыст, рэдактар спрабаваў звесці не адзін раз. Пасля допыту ГПУ класік беларускай літаратуры нанёс сабе ўдары нажом.

Першы раз Янку Купалу выклікалі на допыт ГПУ (Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне) 15 лістапада 1930 года, прызначылі прыйсці пад вечар у суботу. Цікава, чаму ў суботу?

«У гэты дзень звычайна нават чэкісты не працавалі, а адпачывалі. У гэты дзень [15 лістапада 1930 года] у Маскве, у цэнтральнай газеце выйшаў артыкул Максіма Горкага, які назваўся «Калі вораг не здаецца, то яго знішчаюць». Ён, дарэчы, у гэтым артыкуле прамаўляў словамі Сталіна, выказваў ягоныя думкі, што, маўляў, яшчэ не выкарчавалі метастазы мінуўшчыны, яны нам не будуць даваць уздымацца жыць, і трэба бязлітасна – значыцца, сякерай, агнём і полымем», – тлумачыць Уладзімір Някляеў, аўтар раману пра Янку Купалу «Гэй бэн-Іном».

Купалазнаўца Павел Каралёў звяртае ўвагу на тое, што ўлетку 1930 года ў БССР адбываюцца надзвычайныя падзеі: за некалькі месяцаў у справе «Саюзу вызвалення Беларусі» арыштаваныя сотні беларускіх дзеячаў:

«Па ўспамінах Паўліны Мядзёлкі, калі яна апынулася за кратамі ды пабачыла колькасць беларускай інтэлігенцыі, якая выходзіць на прагулку ва ўнутраны двор турмы, то яна задала сабе пытанне: а ці застаўся ўвогуле хто-небудзь на волі? На волі ў той час быў яшчэ Янка Купала, але і яго паступова выклікалі на допыты ў ГПУ і фактычна прымушалі прызнаць свае правіны, называць іншыя прозвішчы. Янка Купала, як казалі на той час чыноўнікі, на супрацоўніцтва не ідзе ды ісці не хоча».

Таксама ў праграме «Лабірынты»:

  • Ці скажа народны паэт праўду ў вочы тырану?
  • Якім у спісе НКВД на ліквідацыю было прозвішча Янкі Купалы?
  • Адна літара ў прозвішчы каштавала жыцця народнаму паэту?

Belsat.eu