Чаму СССР развалілі менавіта ў Беларусі?

Удзельнікі і відавочцы падпісання Белавежскіх пагадненняў згадалі ў гістарычным выданні ток-шоу «Кожны з нас» падзеі 1991 года.

У беларускім грамадстве дагэтуль няма адназначнага стаўлення да Савецкага Саюзу. Адныя называюць гэтую дзяржаву імперыяй зла, дзе ў 30-я гады мінулага стагоддзя пад корань выразалі нашую нацыянальную інтэлігенцыю. Іншыя ўспамінаюць бясплатныя пуцёўкі ў санаторый і марозіва.

Як вядома, СССР перастаў існаваць як геапалітычны суб’ект у сувязі з падпісаннем Белавежскіх пагадненняў. Падзея адбылася 26 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі» ў Беларусі.

Уявіце сабе сітуацыю ў краіне восенню 1991 года: ужо ўсе рэспублікі СССР прынялі дэкларацыі аб суверэнітэце, і шмат з іх прагаласавалі незалежнасць. Але намаганні захаваць СССР дагэтуль застаюцца: ваенная – жнівеньскі путч, які праваліўся, і мірная – праект новай саюзнай дамовы.

Аляксандр Фядута лічыць, што пасля жнівеньскага путчу падзеі ў Віскулях былі непазбежныя. Але адна рэч – хацець чагосьці, і зусім іншая рэч – гэта ажыццявіць.

«Каб дамовіцца аб сустрэчы з Ельцыным, трэба было з ім застацца сам-насам», – кажа Станіслаў Шушкевіч.

Нагода з’явілася 20 кастрычніка 1991 года. На пасяджэнні Дзяржрады СССР у Новаагарове Міхаіл Гарбачоў прадставіў новы праект тэксту дамовы. Першы выступіў Станіслаў Шушкевіч, які звярнуў увагу на недахопы дамовы. Потым узяў слова Барыс Ельцын, які раскрытыкаваў дамову значна больш жорстка. Абураны Гарбачоў пакінуў залу, і ўдзельнікі пасяджэння папрасілі Шушкевіча з Ельцыным угаварыць яго вярнуцца.

Вяртаючы Гарбачова, Шушкевіч запрасіў Ельцына ў Беларусь.

Каб напоўніцу выкарыстаць шанец, дэлегацыі Беларусі, Украіны і Расеі таемна ад усяго свету прыехалі ў Віскулі.

«Мы дамовіліся пра дэлегацыі, якія змогуць вырашыць любыя пытанні проста там на месцы. Але гэта ўсё было не для таго, каб разваліць Саюз, – прыгадвае Станіслаў Шушкевіч. – Мы туды ехалі, каб уладкаваць нашыя адносіны і каб Беларусь атрымала тое-сёе дзякуючы Ельцыну. А калі мы разабраліся, кім мы ёсць, то атрымалася, што павінныя прасіць Гарбачова, каб ён нам дапамог. І тут мы зразумелі, што трэба зрабіць палітычную заяву, палітычны крок. Гэта там выкавалася».

За адну ноч быў падрыхтаваны тэкст. Толькі адзін сказ быў узгоднены ў першы дзень:

«СССР як геапалітычная рэальнасць і суб’ект міжнароднага права перастае існаваць».

Пра падрыхтоўку сустрэчы ў Віскулях, яе значэнне, супрацьдзеянне саюзных органаў улады і рэакцыю грамадства на падпісанне Белавежскіх пагадненняў распавялі непасрэдныя ўдзельнікі ды сведкі тых падзеяў 1991 года. Яны падзяліліся тагачаснымі ўражаннямі, а таксама сённяшнім поглядам на тыя падзеі.

Дадаткова здымачная група ток-шоу «Кожны з нас» завітала да Станіслава Шушкевіча, каб распавесці, як жыве і чым займаецца сёння першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Госці праграмы:

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі (1991–1994), Аляксандр Фядута, сакратар ЦК ЛКСМБ (1991), Аляксандр Дабравольскі, народны дэпутат СССР (1991), фатограф Юрый Іваноў і тэлеаператар Уладзімір Андронаў, якія здымалі Белавежскія пагадненні, Сяргей Антончык, дэпутат Вярхоўнага Савету РБ (1991–1995), Сяргей Калякін, першы сакратар менскага Савецкага райкаму партыі (1991).

Таксама інтэрв’ю далі Леанід Краўчук, першы кіраўнік незалежнай Украіны (1991–1994), і Вячаслаў Кебіч, прэм’ер-міністр Беларусі (1991–1994).

Цягам выпуску свой прафесійны аналіз тых падзеяў дае кандыдат гістарычных навук Аляксандр Кур’яновіч.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў

Праўда і фэйкі пра каронавірус у Беларусі

Дзе нараджаць лепш: у Беларусі, у Вільні ці ў Маямі?

Што будзе з Беларуссю, калі Пуціна не стане?

Каронавірус ужо ў Беларусі. Што рабіць?

Незвычайныя гадаванцы: ліс у кватэры, воўк на падворку і гусак, які выконвае сабачыя каманды

Самая крывавая вайна ў гісторыі Беларусі была з… Расеяй

«Я б гэта назваў парнаграфіяй», – старэйшы беларускі архітэктар пра спрэчныя менскія будынкі

Яны вымушаныя хаваць сваю нацыянальнасць у Беларусі