Мова Нанова Чаму рэдактар часопісу «Большой» размаўляе з сынам па-беларуску?


«Можна размаўляць і на французскай мове, але роднай лічыць беларускую. Я ў гэтым не бачу праблемы», – упэўнены Зміцер Навіцкі, галоўны рэдактар часопісу «Большой», госць праграмы «Мова нанова», да якога завітаў Глеб Лабадзенка.

Зміцер у штодзённым жыцці не размаўляе выключна па-беларуску, але з сынам гаворыць на роднай мове. Журналіст распавядае пра прычыны пераезду з Менску ў вёску і пра тое, як ён адкажа на моўныя пытанні перапісу насельніцтва.

Зміцер рос у Менску, але што лета праводзіў на хутары ў дзядулі ды бабулі, на Нёмне пад Стоўбцамі. Уражанні з дзяцінства ён пранёс праз усё жыццё, і пасталеўшы, карэнны мянчук вырашыў перасяліцца ў вёску.

«На хутары была свабода, і я марыў вярнуцца ў свабоду», – каментуе герой праграмы сваё рашэнне.

Дзядуля з бабуляй заклалі ўнуку любоў да вёскі, а разам з тым – да беларускай мовы. І хаця цяпер Зміцер не размаўляе ў паўсядзённым жыцці выключна на беларускай мове, роднай ён лічыць менавіта яе.

Калі ў Змітра нарадзіўся сын, ён пачаў з ім размаўляць па-беларуску.

«Калі ён будзе чуць беларускую мову з дзяцінства, у яго не будзе да яе агрэсіі. На якой мове ён будзе размаўляць – гэта яго справа, я туды не палезу. Сэнс у тым, каб ён чуў яе з дзяцінства. Калі дзяржава не дае яму чуць мову нашую, беларускую, тады я яму буду гэта даваць», – мяркуе госць праграмы.

Зміцер вельмі любіць вандраваць па свеце, а па вёсцы ганяе на джыпе і на матацыкле, на якіх пракаціў і Глеба Лабадзенку. Што беларускае ўзгадвае Зміцер Навіцкі ў далёкіх падарожжах? Што для яго значыць любіць Беларусь?

У праграме Алеся Літвіноўская патлумачыць, што такое «хайп», «хайпіць», «хайповы» і паразважае, ці патрэбныя такія навамодныя запазычанні беларускай мове.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары