Чаму прадстаўнікі ААН і ўлады Беларусі завышаюць колькасць украінскіх уцекачоў у нашай краіне?


Вайна – гэта заўжды бяда. Трагедыя для цэлых краінаў, якая складаецца з мноства трагедыяў асабістых. Спачатку расейская акупацыя Крыму, а затым і ўзброенае супрацьстаянне на ўсходзе Украіны вымусіла кінуць свае дамы і шукаць лепшае долі падалей ад вайны мільёны жыхароў нашай паўднёвай краіны-суседкі. У тым ліку, за мяжою. Таксама і ў Беларусі.

Дык колькі іх – украінскіх уцекачоў у нашай краіне? Найбольш іх налічылі працаўнікі ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Менску Жана Іва Бушардзі – ажно 160 тысяч чалавек. Гэтую ж лічбу неўзабаве пачаў паўтараць і Лукашэнка, хоць насамрэч афіцыйныя дадзеныя – нашмат сціплейшыя. Паводле звестак дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, на стан 1 ліпеня сёлета былі зарэгістраваныя толькі крыху больш за 35 тысячаў украінскіх мігрантаў. Значную частку іх пры гэтым складаюць працоўныя мігранты з розных частак Украіны, а не толькі з Данбасу. Афіцыйны ж статус уцекача на той момант і наагул атрымаў толькі адзін чалавек.

Рэдактар рэсурсу «Informnapalm» Дзяніс Івашын заўважыў, што такая розніца ў лічбах можа быць выгадная ўпраўленню Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў праз фінанасавыя пытанні, бо прадстаўнікі ўпраўлення ад 2014 да 2016 года патрабавалі на сваю праграму дапамогі ўцекачам і пераселеным асобам больш за $ 80 млн. З гэтых грошаў яны атрымалі блізу $ 60 млн, заўважыў спадар Івашын.

Для беларускага боку завышэнне колькасці ўцекачоў можа тлумачыцца жаданнем павысіць свой статус на міжнароднай арэне, адзначыў рэдактар рэсурсу «Informnapalm». «З гэтай фантастычнай лічбай – 160 тыс. украінскіх перасяленцаў – Беларусь адразу выбіваецца ў сусветныя лідары паводле колькасці прынятых вымушаных мігрантаў. І гэта такі дадатковы статус, які павялічвае вагу на міжнароднай арэне», – заўважыў спадар Івашын.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu