Чаму не разваліцца Шэнген? Ці Іран такі страшны? Як Беларусь вярнулася ў Давос?


Еўрапейскі кампраміс

Еўразвяз за крок ад развалу – такое ўражанне можа зʼявіцца пасля прагляду расейскіх дзяржаўных каналаў. Сапраўды, выклікаў перад Бруселем багата: няспынныя хвалі ўцекачоў ды рост уплыву гэтак званых еўраскептыкаў – толькі некаторыя з іх. Ці Еўропа застанецца абʼяднанай, разважае Усевалад Шлыкаў.Пра крызіс у Еўрапейскім Звязе дыскутуе госць праграмы сацыёлаг Аляксей Лявончык.

Іран – санкцыі адмененыя. Няхай жывуць санкцыі

Радыкальная змена ў дачыненнях Ірану і Захаду. Тэгеран святкуе адмену жорсткіх гаспадарчых санкцыяў, уведзеных 10 гадоў таму. Прэзідэнт краіны кажа, што гэта ў інтарэсах усіх. Выйграла дыпламатыя, але кошты на нафту абваліліся да менш як $ 28 за барэль. Тым часам Вашынгтон уводзіць супраць Тэгерану новыя санкцыі. Пра новы крохкі мір – Ганна Любакова.

Ці Іран такі страшны, якім яго малююць медыі?

У студыі – польскія падарожнікі Пётр і Эва Карвэцкія, якія на джыпе абʼехалі паўсвету.

Меч супраць пяра

Для Пакістану мінулая серада стала чорным днём. У горадзе Чарсада тэрарысты з аўтаматамі атакавалі Універсітэт імя Бача Хана і забілі мноства людзей. На наступны дзень пасля нападу ў сталіцы адбылася маштабная акцыя пратэсту пад лозунгамі «Стоп тэрарызму» і «У тэрарызмe няма рэлігіі». Аднак вядома, што нападнікі былі з ісламісцкага руху «Талібан». Гэтая саманазва азначае вучняў медрэсэ – рэлігійных школаў. Сюжэт Яраслава Сцешыка.

Тайваньскі выклік Кітаю

Вынікі выбараў у Тайвані нясуць змены ў Азіі. Упэўненую перамогу святкуе Цай Інг-Ўэн, якая стане першай жанчынай-прэзідэнтам Тайваню. 59-гадовая юрыстка, якая вучылася ў ЗША і Вялікай Брытаніі, жыве з двума катамі і вядомая тым, што ўжо 16 гадоў ходзіць у тых самых туфлях. Але сэрцы 56 % тайванцаў яна скарыла сваім абяцаннем зменаў. Што прынясе ў Тайбэй палітык, якая захапляецца Маргарэт Тэтчэр і Ангелай Мэркель? Сюжэт Аліны Коўшык.

Беларусь вяртаецца на Сусветны эканамічны форум пасля 25 гадоў перапынку

Летась паўстаў Менскі хаб, які наладжвае дыялог паміж палітыкамі, бізнесоўцамі ды эканамістамі. Арганізацыю ўжо ацанілі ў свеце – аднаго з чальцоў запрасілі ў Давос. На Сусветным эканамічным форуме Дзяніс Кольга прэзентуе Беларусь як пляцоўку для развязання канфліктаў на постсавецкай прасторы. Калі ў гэтую ролю нашай краіны паверыць Давос – паверыць і ўся планета. Сюжэт Дзяніса Дзюбы.СП, belsat.eu