Чаму Лукашэнка ўзарваў самы буйны вайсковы саюз постсавецкай прасторы?


Святлана Калінкіна і палітолаг Валер Карбалевіч абмяркоўваюць скандал у АДКБ.

Нягледзячы на сяброўства ў АДКБ Беларусь будзе пастаўляць зброю ў Азербайджан, які мае канфлікт з іншым сябрам аб’яднання – Арменіяй. Якая будучыня чакае гэты трохкутнік? Палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што АДКБ – досыць цікавы вайсковы саюз. У першую чаргу таму, што аб’ядноўвае краіны, якія маюць розныя пагрозы, аддалены геаграфічна і фактычна адзіная кропка іх сутыкнення – сяброўства з Расеяй.

«АДКБ аб’ядноўвае краіны, якія лаяльныя да Расеі. Без Расеі гэты саюз у прынцыпе існаваць не мог. Яны ад Расеі шмат у чым залежаць і шмат чаго хочуць. Для Беларусі – гэта льготныя ўмовы паставак энергарэсурсаў. Без сяброўства Беларусі ў АДКБ гэта б было немагчыма», – выказаўся Валер Карбалевіч.

Пры гэтым Валер Карбалевіч падкрэслівае, што канфлікт унутры саюзу пачаўся не праз Беларусь. На думку палітолага, АДКБ перш за ўсё мусіць абараняць аўтарытарныя рэжымы, а сябра арганізацыі Арменія ажыццявіла самы страшны план для любога аўтарытарнага рэжыму – здзейсніла каляровую рэвалюцыю.

«Майдан – гэта такая страшылка, якою пужаюць і расейскія медыі свой народы, і беларускія, і іншыя краіны, дзе аўтарытарны рэжым. І раптам у асяродку гэтых аўтарытарных рэжымаў з’віўся рэжым, які прыйшоў, што называецца, пад ціскам вуліцы. Уяўляеце настрой усіх гэтых кіраўнікоў у дачыненні гэтых «армянскіх выскачак», якія прыйшлі з вуліцы да ўлады? Таму адносна Арменіі было прынятае рашэнне – пакараць», – выказаўся палітолаг.

Рашэнне Беларусі пастаўляць зброю ў Азербайджан – адная са спробаў пакараць Арменію за яе рэвалюцыйныя настроі.

Падрабязней пра стасункі Беларусі, Арменіі ды Азербайджану – у праграме «Размова дня» са Святланаю Калінкінай і палітолагам Валерам Карбалевічам.