Чаму частка дзяцей-сіротаў не дажывае да 30 гадоў?


Актывістка грамадскай ініцыятывы «Недзіцячая справа» Наталля Янушкевіч распавядае ў эфіры праграмы «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам, з якімі выклікамі сутыкаюцца сёння сем’і, што выхоўваюць сіротаў, і ўчорашнія выхаванцы дзіцячых дамоў.

Дзяржава ўзяла на сябе абавязак клапаціцца пра дзяцей-сіротаў, але не хоча ўглыбляцца ў праблемы сіротаў-дарослых. Шмат хто з былых выхаванцаў дзіцячых дамоў пасля навучання застаецца літаральна на вуліцы ды вымушаныя вяртацца да тых самых бацькоў, ад якіх іх калісьці ратавалі дзяржаўныя службы.

Сацыяльная арыентаванасць беларускай дзяржавы ўжо даўно сталася нагодаю для сумных жартаў. Тых, хто не можа ўладкавацца на працу, называюць дармаедамі, у бацькоў, якія трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча, пагражаюць забраць дзяцей. Не больш літасці праяўляе дзяржава і да дзяцей-сіротаў.

«Дзяўчыну з ДЦП пасля дзіцячага дому адпраўляюць працаваць у кароўнік з заробкам 280 рублёў і яшчэ праз пяць гадоў абяцаюць перавесці ейнае жытло ў стан арэнднага, за якое давядзецца плаціць 120 рублёў», – распавядае Янушкевіч.

Сёння шмат хто з маладзёнаў, якія трапілі пад апеку дзяржавы пры жывых бацьках-алкаголіках, вымушаныя вяртацца пасля 18 гадоў у той самы дом, адкуль некалі іх забралі сацыяльныя службы. Гэты факт і тое, што выхаванцам дзіцячых дамоў досыць цяжка сацыялізавацца, прыводзіць да сумнага факту: значная частка сіротаў не дажывае да 30 гадоў.

«Вельмі часта гэтым маладым людзям бракуе сацыялізацыі, ім патрэбная кампанія. А хто ў нас самы спагадны? Правільна, асацыяльныя элементы. Таму, вяртаючыся да бацькоў ці знаходзячы сабе такую кампанію, маладзёны вельмі хутка пачынаюць весці такі ж лад жыцця», – патлумачыла грамадская актывістка.

Фота – Valery Sharifulin/TASS/Forum