Чаму ад беларусаў хаваюць праўду пра вайну?


Мінула амаль 80 год, як распачалася адна з самых крывавых і жахлівых войнаў у гісторыі чалавецтва – Другая сусветная вайна. Яе галоўнымі арганізатарамі былі нацысцкая Германія на чале з Адольфам Гітлерам і Савецкі Саюз на чале з Іосіфам Сталіным.

За гэты час з’явілася велізарная колькасць навуковых даследаванняў, успамінаў, мастацкіх твораў і фільмаў. Але беларусаў, расейцаў, украінцаў не дапускаюць да ўсёй праўды пра гэтую вайну. Ці ўсё мы ведаем пра пакт Рыбентропа-Молатава, падпісаны 23 жніўня 1939 года, згодна з якім Гітлер і Сталін дамовіліся перадзяліць Еўропу на карысць сваіх інтарэсаў? Пра трактат аб сяброўстве і межах, падпісаны 28 верасня 1939 года, у якім былі вызначаны сферы ўплыву паміж нацыстамі ды камуністамі?

Хаця б адзін той факт, што савецкія ўлады пачаткова планавалі захапіць тэрыторыю аж да Віслы, сведчыць пра тое, што лозунгі аб аб’яднанні беларусаў і ўкраінцаў у 1939 годзе мелі выключна прапагандысцкі характар. Чаму ў школьных ды ўніверсітэцкіх падручніках ігнаруецца сумесны савецка-нямецкі ваенны парад у Берасці ў верасні 1939 года?

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года нападам Германіі на Польшчу. Хутка да ваенных дзеянняў далучыўся Савецкі Саюз. Пакуль Гітлер адну за адной падпарадкоўваў краіны Заходняй і Паўночнай Еўропы, Сталін усталёўваў крывавы рэжым на далучаных тэрыторыях Малдавіі, Заходняй Беларусі і Украіны, ваяваў з Фінляндыяй, шантажаваў балтыйскія краіны.

Сёння ва ўсіх еўрапейскіх краінах шырэй і шырэй адкрываюцца архівы, што дазваляе гісторыкам больш праўдзіва пісаць і гаварыць пра пачаткі Другой сусветнай вайны. Толькі афіцыйная гістарыяграфія Расеі і Беларусі катэгарычна не прымае фактаў, сцвярджаючы, што Савецкі Саюз толькі бараніўся. Тыя рэдкія гісторыкі, хто знаходзіць смеласць выказвацца пра сапраўдную ролю савецкага кіраўніцтва ў развязванні Другой сусветнай вайны, ігнаруюцца або абвінавачваюцца ў адсутнасці патрыятызму. Але мы ведаем дакладна: чым далей ад вайны, тым цяжэй схаваць праўду пра яе, часам непрыемную, але праўду.

Якую? Пра гэта дыскутуюць госці новага выдання гістарычнага ток-шоу «Intermarium»:

  • Артурас Свараўскас (Вільня, Літва), доктар гістарычных навук, Інстытут гісторыі Літвы.
  • Ігар Мельнікаў (Менск, Беларусь), кандыдат гістарычных навук, даследчык падзеяў Другой сусветнай вайны ў Беларусі.
  • Аляксандр Лысенка (Кіеў, Украіна), доктар гістарычных навук, Інстытут гісторыі Украіны Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.
  • Алег Будніцкі (Масква, Расея), доктар гістарычных навук, прафесар Вышэйшай школы эканомікі.

На вокладцы відэа – калаж, зроблены на падставе фота ITAR-TASS/Max Alpert/Forum, focus.ua і belsat.eu