Чаго хочуць дзяўчыны? Версія Лукашэнкі


Падчас сустрэчы днямі з моладдзю ў Горадні Аляксандр Лукашэнка выглядаў «энцыклапедыяй кансерватызму», лічыць эксперт у пытаннях культуры і адукацыі Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

Па-першае, кіраўнік краіны меў разрыў з маладымі пакаленнямі нават на ўзроўні мовы, настальгуючы аб сацспаборніцтвах за савецкім часам. «Для моладзі гэта нейкае спаборніцтва ў сацсетках», – жартуе аналітык.

Па-другое, пазначаючы сімптомы праблемаў, як, напрыклад, масавы ад’езд моладзі на вучобу і пражыванне за мяжу, Лукашэнка не прапануе годных альтэрнатываў у Беларусі, апрача «рытуальных патрыярхальных установак». Хаця ёсць прыклад той самай Грузіі, дзе ў выніку пераменаў тыя, хто адвучыўся за мяжой, сталі запатрабаванымі на радзіме і ў дзяржаўным кіраванні, і ў бізнесе.

Лукашэнка настойліва прапануе хлопцам служыць у арміі, хоць бы на летніх вакацыях, бо нібыта гэтага хочуць і аддаюць перавагу такім «мужыкам» дзяўчыны. Разам з тым нашумелая і завершаная днямі ў судзе «справа Коржыча», на думку эксперта, паказала, што ўлада дае неадэкватныя адказы на праблемы і ў гэтай галіне.

Тэрміны пакарання для афіцэраў за дзедаўшчыну мала што мяняюць у сітуацыі, бо гэта дэманстрацыя справядлівасці ў канкрэтнай справе. Задача – пераканаць моладзь, гарантаваць, што злачынныя выпадкі шантажу і давядзення да самазабойстваў не паўторацца ў іншых часцях.

Падрабязней пра тое, як Лукашэнка губляе кантакт з беларускай моладдзю, глядзіце ў перадачы «Размова дня» Усевалада Сцебурака з Вадзімам Мажэйкам.

belsat.eu