Чаго бракуе пенсіянерам?


Пенсіянераў заўжды лічылі цвёрдым электаратам Аляксандра Лукашэнкі. Але пасля выбараў многія з іх пачалі выходзіць на пратэсты. Прычым пенсіянеры ў Менску сталі ладзіць свае асобныя акцыі – Маршы мудрасці. Наколькі змянілася падтрыманне дзейнай улады сярод людзей сталага веку і чаму? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Пенсіянерка Святлана Чапурка за пратэсты ўжо двойчы атрымала адміністратыўныя арышты. 87-гадовай Лізавеце Бурсавай за бел-чырвона-белы сцяг на гаўбцы далі штраф 405 рублёў. Святлана Чапурка з адной пенсіі штраф сплаціць не здолела б, у спадарыні Лізаветы пенсія – 600 рублёў. Абедзве жанчыны зазначаюць, што бяруць удзел у пратэстах збольшага з палітычных і гуманістычных прычынаў, не эканамічных. Лізавета Бурсава кажа, што ніколі не галасавала за Лукашэнку, але на пенсіянерскія маршы ў Менску прыходзяць сталыя жанчыны – былыя ягоныя прыхільніцы – і каюцца.

«Яны ад душы прасілі ў нас прабачэння за тое, што яны за яго галасавалі. Вось сярод нас ішлі жанчыны: «Людзі, прабачце нам. Прабачце нам, што мы за яго галасавалі», – дзеліцца пенсіянерка Лізавета Бурсава.

Сацыёлаг Аксана Шэлест адзначае, што апошнім часам замераў палітычных настрояў беларусаў сталага веку не было. Паводле асабістых уражанняў, экспертка робіць выснову, што паслявыбарчыя пратэсты – не ад беднасці.

«Беларускі пратэст размазаўся па ўсіх сацыяльных групах. І пенсіянеры, ці людзі старэйшага ўзросту, у гэтым сэнсе не выключэнне. Мы не можам казаць на сёння, якая частка гэтай групы – на баку захавання існага парадку, а якая – на баку рэвалюцыі», – тлумачыць экспертка.

Апошнія гады ў Беларусі паступова павышаецца пенсійны ўзрост. Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір лічыць гэта слушным, але крытыкуе ўлады за выключэнні, якія робяцца для некаторых катэгорыяў насельніцтва.

«Пенсійны ўзрост я прапаноўваў павялічыць яшчэ ў 1995 годзе. Але павышэнне пенсійнага ўзросту павінна закрануць найперш сілавыя структуры», – рэзюмуе былы прэм’ер.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як у 72 гады весці фэшн-блог, быць мадэллю і падтрымліваць пратэсты?
  • Якія падпрацоўкі да пенсіі маюць былы прэм’ер міністр Беларусі і маці хлопца, які «ганяе ўва ўсю моц»?
  • На чым ашчаджаюць беларускія пенсіянеры?

Belsat.eu