«Пры савецкай уладзе – як выбары, прыходзілі агітатары (я таксама калісьці быў агітатарам) абяцалі правесці ваду, газ. Усё абяцалі. Але як праходзілі выбары, усё так і заставалася [без зменаў – рэд.]», – узгадвае адзін з жыхароў прыватных драўляных хацін у самым цэнтры Менску.
Яны ўжо чарговы раз выйшлі пратэставаць. Падставаю для гэтага паслужыла атрыманая імі папера з Маскоўскага райвыканкаму аб паўторнай адмене зносу іхнага жытла. Кволыя дамкі не маюць звычайных камунальных паслугаў – ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі. Асаблівае абурэнне жыхароў выклікае тое, што гэтыя хаціны месцяцца ў атачэнні спартовага комплексу ды інтэрнату Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі прэзідэнта, шыкоўных гатэльных апартаментаў «Камфорт» ды за кіламетр ад сталічнага Галоўпаштамту.
Цяпер сустрэнемся з былым пацыентам псіхіятрычнага дыспансеру, які пераадолеў цяжкасці ды атрымаў назад кантроль над сваім жыццём. Максіму Брашко ўдалося не толькі перамагчы ўласную хваробу, але і дапамагчы іншым справіцца з ёй. Цяпер ён працуе ў Клубным доме «Адкрытая душа» – сталічнай арганізацыі, якая дапамагае людзям з псіхічнымі захворваннямі прыстасавацца да жыцця і адчуць сябе патрэбнымі ў грамадстве.
Аказваецца, што здзейсніць мару і трапіць на сапраўдны баль у наш час – рэальна. Як гэта зрабіць, расказвае Ганна Пляскач, якая стала ўдзельніцаю менскага балю праваслаўнай моладзі. Аказваецца, там можна не толькі патанчыць, але і пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі ды нават знайсці будучага мужа.