Былы дэпутат: Выбары – для таго, каб сказаць, што іх няма


Жыхар Гомля Андрэй Толчын упэўнены, што выбары трэба выкарыстоўваць толькі для размоваў з людзьмі.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўпэўненая, што мясцовыя выбары, якія адбудуцца ўжо 18 лютага 2018 года, прывядуць у палітыку новых людзей. Перспектывы такога аптымізму каментуе былы дэпутат Гомельскага гарадскога савету Андрэй Толчын.

«На маю думку, выбараў няма. Ісці на іх можна толькі каб паўплываць на ўладу ў межах існай сітуацыі, – заяўляе Андрэй Толчын. – Калі, напрыклад, будзе прымацца новы закон аб дармаедах, [выбары можна выкарыстаць,] каб пайсці размаўляць з людзьмі».

«Мясцовыя выбары не мае сэнсу – яны ні на што не ўплываюць», – кажа наш суразмоўца.

Паводле дэпутата, удзел у выбарчай кампаніі – гэта таксама шанец выступіць перад людзьмі, якія вераць, што выбары існуюць.

«На самой справе іх няма, – дадае Толчын. – Людзям трэба сказаць, што яны могуць прыходзіць на ўчастак, а можаце не прыходзіць – ніхто не збіраецца ўлічваць вашыя галасы».

На пытанне пра ўзор улады ў рэгіёнах, Толчын кажа, што яна павінная б была «прыслухоўвацца да людзей і іх штодзённых патрэбаў»: праблемаў працоўных месцаў, заробкаў, дарог і дахаў.

«Самае галоўнае – каб прыйшоў гаспадар», – падсумоўвае Толчын.

Поўную размову Валера Руселіка з Андрэем Толчыным глядзіце ў «Гарачым каментары»

Фота вокладкі – Уладзімір Нікольскі/Reuters