Размова дня Былы чыноўнік: Лукашэнка працуе па некалькі гадзін, астатні час займаецца гульнямі


Каб давесці краіну да наступных прэзідэнцкіх выбараў без сацыяльных выбухаў, прэм’ер-міністру Сяргею Румасу трэба будзе выратаваць эканоміку Беларусі. Такое меркаванне выказаў былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі ў праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам.

Былы высокапастаўлены чыноўнік лічыць, што сёння ва ўрадзе ёсць толькі некалькі чалавек, якія здольныя рабіць адэкватныя крокі для рашэння глабальных праблем.

Адным з найбольш здольных беларускіх палітыкаў госць праграмы лічыць Міхаіла Мясніковіча.

«Мясніковіч сядзіць ува ўладзе столькі часу, бо ён абсалютна ўпэўнены, што ён, прынамсі, не дасць усім іншым, у першую чаргу кіраўніку Беларусі, зрабіць нешта такое, з-за чаго стане нязносна кепска. Натуральна, ён часам памыляецца і прапускае рэчы, якія б мог не прапускаць. Магчыма, ён памыляецца ўвогуле па вялікім рахунку, бо не ведае, што бяспечна, а што не – для Беларусі. Сам я схільны лічыць, што ён жахлівы фармаліст і любіць ганяць паражняк са страшэнным грукатам. Але ён не спрабуе дамагчыся ад кіраўніка Беларусі нечага такога, што той ніколі не зробіць. І самае галоўнае, ён не спрабуе навязаць Лукашэнку нешта сваё. Ён заўсёды лічыцца ў нас лібералам і рыначнікам, але рынкавыя рэформы ён Лукашэнку не навязвае», – кажа Пласкавіцкі.

На думку Пласкавіцкага, найскладанейшы выклік стаіць сёння перад прэм’ерам Сяргеем Румасам.

«На сёння ўсе кранікі, па якіх да нас цяклі танныя рэсурсы і нафтадолары, Расея перакрывае. У такой сітуацыі трэба будзе калі не ўсю эканоміку рабіць здаровай, то тое, што можна выратаваць Румасу прыйдзецца аздараўляць», – лічыць Аляксандр Пласкавіцкі.

Кіраўнік дзяржавы на гэта не здольны, лічыць эксперт.

«Скажу аб Лукашэнку. Па вялікім рахунку, здаецца толькі – на нарадзе ён выйдзе, крычыць, рукамі махае. Але на самой справе максімум, што ён робіць – гадзін 10–12 у месяц займаецца справамі. У месяц! 10–12 гадзін. Увесь астатні час ён займаецца рознымі гульнямі», – выказаўся Пласкавіцкі.

Больш фактаў і разваг аб беларускіх чыноўніках – у праграме «Размова дня».

Фота – PhotoXpress/ZUMAPRESS.com

Глядзі таксама
Каментары