Былая настаўніца: у маёй вёсцы чакаюць Пуціна


Як былая камсамолка і выкладчыца расейскай мовы і літаратуры ўсім сэрцам прыкіпела да беларушчыны – у праграме «Вяскоўцы».

Спадарыня Ада Райчонак з Германавічаў Шаркаўшчынскага раёну з’яўляецца актыўнай дзяячкай у розных сферах грамадскага жыцця: ладзіць мастацкія пленэры, канферэнцыі, культурніцкія фэсты і імпрэзы. За сваё жыццё яна адкрыла пяць музеяў. Цяпер жа яна запрасіла вядоўцу праграмы «Вяскоўцы» Віктара Шукеловіча ў сваю прыватную мастацкую галерэю ў Германавічах.

«Лёс бʼе мяне ўвесь час. Дасталася пад самую завязачку», – гаворыць пра сябе спадарыня Ада.

Калі ёй было чатыры гады, яе схапіў на вуліцы нацысцкі афіцэр і змясціў у гета. Толькі дзякуючы вялікім намаганням і хабарам маці ўдалося вызваліць маленькую дачку. Але пазней Ада разам з маці зноў трапіла ў зняволенне – у нацысцкі лагер пад Лепелем, які яна ўзгадвае як месца нялюдскіх пакутаў і болю. Мусіла яна таксама перажыць заўчасную смерць сына Міхася, які пайшоў з жыцця ў 25 гадоў.

Дзякуючы спадарыні Адзе, Германавічы ведаюць далёка за межамі Беларусі. Праўда, актыўнасць руплівай патрыёткі ўхваляюць не ўсе. Некаторыя аднавяскоўцы падазрона ставяцца да дзейнасці актывісткі, глядзяць толькі расейскія каналы, «зомбаскрыню» ды цалкам давяраюць крамлёўскай прапагандзе. «А што ж я благога раблю? Я ж працую дзеля беларушчыны… Я ж для людзей стараюся…», – прызнаецца спадарыня Ада. Нягледзячы ні на што, яна захоўвае аптымізм і цвёрда верыць, што Беларусь будзе жыць!

Шчымлівыя і душэўныя моманты спаткання са светлым і поўным дабрыні чалавекам – у новым выданні «Вяскоўцаў».

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.