Бязладдзе ў сельскай гаспадарцы: мізэрны заробак і зламаная тэхніка




Пасля здымак сюжэту пра адзнакі даяркам за якасць надояў да нас звярнуліся механізатары гэтае ж гаспадаркі – адкрытага акцыянернага таварыства «Дубнякі». Аказалася, што трактарысты з вёскі Кукава Ганцавіцкага раёну не могуць атрымаць разліковых лістоў.

«Мы жывем у каменным веку. Кантора не дае нам разліковых лістоў. Чаму не дае? Бо з гэтым квітком я магу звярнуцца ў пракуратуру. А каб я не мог туды звярнуцца, нам затыкаюць рот», – распавёў нам Аляксандр Васілеўскі, механізатар МТП «Дубнякі».

Адказным за гэтае парушэнне механізатары лічаць дырэктара прадпрыемства «Дубнякі» Уладзіміра Грыгарана. Наракаюць працаўнікі і на тэхнічны стан сельскагаспадарчае тэхнікі:

«Тэхніка ломіцца, усё ломіцца. Купляюць запчасткі за шалёныя грошы, а яно ломіцца ўсё. Бо халтураць, – кажа спадар Фёдар, зваршчык МТП «Дубнякі». – Вось табе і сельскую гаспадарку ўздымаць, калі яно ўсё ломіцца».

Аляксандр Васілеўскі таксама распавёў, што рамантаваць машыны работнікам даводзіцца спадручнымі сродкамі.

«Цалкам разбураная сеялка. Як бы я яе аднавіў? Ён (дырэктар ААТ «Дубнякі» У. Грыгаран. – заўв. МП) мне тры дні даваў працы: рабі, рабі! З чаго я яе зраблю? Не я ж яе разбіраў, а ён кажа, што сеялка на хаду… Дзе ж яна на хаду?»

Асабліва цяжка механізатарам даводзіцца, калі халодна. Разам са спадаром Аляксандрам спрабуем трапіць у бытоўку, але яна зачыненая. Ён кажа, што зачынілі яе адмыслова, бо ведалі пра прыезд нашай здымачнай групы:

«Вось каб я хацеў пераапрануцца ў цёплае, бытоўкі няма, нічога няма, а як працаваць? Стэлажоў няма, ляжыш на бетоне. Паляжы ўзімку, пакруці трактар на ім».

Дырэктар ААТ «Дубнякі» Уладзмір Грыгаран наконт разліковых лістоў анічога цьмянага нам не сказаў. Тады мы звярнуліся да эканамісткі прадпрыемства Валянціны Шаматульскай:

«Гэта праўда, у нас апрацоўка дакументаў робіцца ўручную, і на выплаце заробкаў у нас адна асоба, таму маем такія праблемы».

Алена Яськова, юрыстка Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, патлумачыла, што «паводле Працоўнага кодэксу, арт. 80, выдача разліковых дакументаў пры пералічэнню заробку – абавязак наймальніка, які ён мусіць выконваць пры любых умовах».

Штраф, прадугледжаны за гэта парушэнне, – да 100 базавых велічыняў для юрыдычнай асобы. Юрыстка раіць звярнуцца ў суд – каб спыніць парушэнне працоўных правоў і прымусіць наймальніка выдаць разліковыя дакументы.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Дзве гісторыі пра тое, як чыноўнікі пагражаюць забраць дзяцей з сям’і
  • У рубрыцы «Ведай свае правы!» – пра сацыяльна-небяспечнае становішча
  • Менчукі – пра ўмяшанне дзяржавы ў сямейныя справы
  • Прадпрымальнік шырокага профілю… Дзясяткі барысаўцаў не могуць дачакацца сваіх замоваў

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.