Будучыя Мэсі і Раналду – на падыходзе


Да Мэсі і Раналду – зорак сусветнай велічыні – хочуць быць падобныя мільёны хлопчыкаў з усяго свету, якія мараць ці ўжо пачалі займацца футболам. Арцём Галаўко, якому цяпер 10 гадоў, – не выключэнне.

З дзяцінства ён любіў ганяць мяч з сябрамі, а ўжо ў 5 гадоў бацькі пастанавілі аддаць яго здабываць прафесійныя якасці футбаліста ў дзіцячую структуру флагману нашага футболу – клуб БАТЭ.

Вераніка Галаўко, маці Арцёма:

«Недзе з паўтарагадовага ўзросту на пляцоўцы ён бегаў толькі з мячом, са старэйшымі дзяцьмі, пяці-, шасцігадовымі. Яму не патрэбныя быль ні арэлі, ні горка. Ён быў пастаянна з мячом. Таму калі стала пытанне куды аддаваць – у нас нават не было выбару».

Малодшая сястра Арцёма Арына, якой цяпер 7 гадоў, а ў верасні яе ўжо чакае першы клас пачатковай школы, дарэмна часу не губляе, і ўжо можа даць фору старэйшаму брату як мінімум у расцяжцы. На шпагат амаль садзіцца, а таму і мары ў дзяўчынкі – пра гімнастыку:

«Ці на гімнастыку, ці на плаванне. Плаваць хачу хутчэй навучыцца, а гімнастыка таму што я хачу быць гнуткай».

Кніжкі на паліцу, час збірацца на трэнаванне, пра што нагадвае бацька Арцёма, а маці клапоціцца, каб ён не забыў з сабою ваду. Арына таксама едзе з братам на трэнінг, бярэ гімнастычны дыван: пакуль Арцём будзе засвойваць веды пра футбол, яна зоймецца практычнымі заняткамі па гімнастыцы.

Да трэнавання яшчэ застаецца некалькі хвілінаў, таму паспеем задаць некалькі пытанняў гульцам-пачаткоўцам.

У якім жа ўзросце трэба пачынаць дзецям займацца спортам, у нашым вЫпадку футболам? На гэтае пытанне адказаў, а таксама максімальна даступна распавёў нам пра ўсе тонкасці трэнінгавага працэсу трэнер ФК БАТЭ Павел Шмігера:

«Ужо ў 5-6 гадоў дзеці прыходзяць, і галоўнае, на што мы глядзім, гэта фізічная адоранасць, то бок дзіця мусіць быць хуткім, спрытным і павіннае быць мысленне футбольнае, напэўна, гэта галоўнае».

Насамрэч існуе шмат секцыяў, куды можна аддаць сваё дзіця, гледзячы на ягоныя жаданні і здольнасці, а таксама на фінансавыя магчымасці бацькоў. У нашым выпадку трэнінгавыя заняткі адбываюцца бясплатна, бацькі толькі выдаткоўваюць сродкі на паездку на міжнародныя турніры, удзелу ў якіх і набытага там досведу не замяніць ніводным трэнаваннем.

Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu