Суб'ектыў БТ атакуе YouTube. NEXTA на Белсаце


Суб’ектыў. Краіна

Некаторыя нашыя гледачы наракаюць: мы, маўляў, паказваем адзін толькі негатыў і не хочам заўважаць усяго, што сапраўды робіцца навокал. Мы паважаем вашае меркаванне і прыслухоўваемся да яго. Таму забярэм кавалак хлеба ў дзяржаўнага тэлебачання і распавядзем вам пра паляпшэнні ў нашай краіне, якіх вы выпадкова маглі не заўважыць.

Беларуская чыгунка ўжо загартаваная на нараканні пасажыраў, якія скардзяцца то на старЫя цягнікі а-ля лазня ўлетку – лядоўня ўзімку, то на высокія кошты, то на малую хуткасць руху. І сапраўды, шлях з Горадні ў Жлобін (а гэта каля пяцісот кіламетраў) міжрэгіянальным эканом-класам займае 12 гадзінаў! А дакладней, займаў. Бо беларуская чыгунка развіваецца!

«Калі раней я ездзіў праз Горадню, мой цягнік ішоў да Жлобіна прыкладна 11 гадзінаў 40 хвілінаў, то цяпер ён едзе 10 гадзінаў 50 хвілінаў. Прагрэс відавочны!», лічыць Віталь Бабін, журналіст і падарожнік.

Для параўнання, цягнік Варшава – Берлін такую адлегласць пераадольвае амаль у два разы хутчэй. Але затое там няма такой атмасферы, як у нас.

«Можна выйсці ў Баранавічах – там цягнік стаіць каля 40 хвілінаў – набыць марозіва, пастаяць на пероне, паразмаўляць з іншымі пасажырамі», -распавядае Віталь Бабін.

А тыя, каму карціць хутчэй, мусяць разумець, што прыярытэт – у грузавых цягнікоў.

«То бок пасажырскі цягнік элементарна даганяе грузавы састаў, які трэба здымаць з графіку, што эканамічна не выгадна», – адзначыў Анатоль Сівак, міністр транспарту і камунікацыяў.

Затое беларуская чыгунка на ўсю моц імчыць за сучаснымі тэхналогіямі. Да прыкладу, у цягніку Менск – Гомель Wi-Fi працаваў 10 хвілінаў.

А хто не паспеў ускочыць у апошні вагон, каб ацаніць па заслугах паляпшэнні на чыгунцы, можа наведаць стадыён «Дынама», што недалёка ад менскага вакзалу. Там нарэшце развязалі праблему з вадасцёкам. Цяпер вада льецца не на гледачоў, а на лесвіцу!

А якія паляпшэнні заўважаюць у Горадні – адным з найлепшых гарадоў краіны, паводле Лукашэнкі?

«Нічога не бачу добрага».

«Больш табачных кіёскаў робіцца».

«Дабрабыт. З 1 лістапада павышаюцца пенсіі».

«Узровень жыцця павышаецца, чысціня ў горадзе, госці прыязджаюць – бязвізавы ўезд».

«Заробкі, падаецца, падымаюцца. Але, па-мойму, усё толькі пагаршаюцца».

«Шчыра сказаць? Лепш не гаварыць».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары