Студыя «Белсат» Бойка фанатаў у Ліепае, БАТЭ распісвае нічыю з «Пястам»: беларускія клубы стартавалі ў Еўракубках


Чатыры беларускія футбольныя клубы распачалі старт у Еўракубках. Барысаўскі БАТЭ ў сераду згуляў першы матч у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. А напярэдадні салігорскі «Шахцёр», менскае «Дынама» і «Віцебск» распачалі свой шлях у Лізе Еўропы.

Фанаты «Пясту» і БАТЭ сябруюць ужо даўно, палякі пры магчымасці падтрымліваюць барысаўскі клуб у Еўракубках, а беларусы нашых суседзяў. Цяпер лёс звёў гэтыя каманды ўжо на першай стадыі кваліфікацыі.

Заўзятары «Пясту»:

«Чакаем першай перамогі «Пясту» у кваліфікацыі да Лігі чэмпіёнаў – класна было б выгуляць! Мы тут з усімі нашымі сябрамі, усе заўзятары паставіліся да нас вельмі гасцінна, адчуваем сябе нібы ў сябе ўдома – казка! Рэдка здараюцца такія сітуацыі, калі едзем за тысячу кіламетраў на выезд і чакаюць нас так, як бы мы гулялі ў сябе ўдома. Так што вельмі добра мы пачуваемся ў Барысаве ў Беларусі!»

Выніковыя лічбы на табло 1:1 не надта задаволілі і сам клуб, і яго заўзятараў. Да таго ж ужо на 10-й хвіліне сустрэчы БАТЭ правёў вымушаную замену: поле пакінуў Ягор Філіпенка, замест яго выйшаў Слабадан Сімавіч. Ягор ужо дакладна не дапаможа клубу ў матчы ў адказ, бо атрымаў пашкоджанне калена і адправіцца на кансультацыю ў італьянскую клініку.

«Мы вельмі кепска правялі першы тайм, далі шмат прасторы суперніку, што і вылілася ў забіты нам гол. У другой палове сабраліся, аднавілі лічбы на табло, у выніку 1:1, будзем рыхтавацца да матчу ў адказ», – распавядае Дзмітрый Бага, паўабаронца БАТЭ.

У першыя 45 хвілінаў «Пяст» у некалькі разоў часцей пагражаў нашай браме, шмат выратоўваў Чычкан, шэраг удараў быў міма. Аднак усё ж аднойчы выратаваць наш брамнік не здолеў, на 35-й хвіліне вызначыўся Пажышэк.

Вальдэмар Фарналік, галоўны трэнер ФК «Пяст»:

«Думаю, мы згулялі добра матч. Я нават лічу, што мы выгулялі ўжо палову двухраўндавага супрацьстаяння. Гэты вынік паказаны тут вельмі добры для нас, але ён мог быць яшчэ і лепшы. Магу таксама дадаць, што я вельмі задаволены дзеяннямі сваіх футбалістаў».

Пасля антракту БАТЭ крыху ўзвінціў тэмп, а гол зарганізавала знакамітая звязка БАТЭ: Ігар Стасевіч падаў у штрафную, а замкнуў перадачу Станіслаў Драгун, які, дарэчы, на апошніх хвілінах убачыў перад сабою чырвоную картку і таксама не згуляе ў Глівіцэ.

«Адсутнасць лідараў і такіх добрых футбалістаў, бузумоўна – гэта страта для нашага клубу, аднак гэта не адзначае, што іх няма кім замяніць. Я перакананы, што гэта адбудзецца без страты ў якасці», – кажа Аляксей Бага, галоўны трэнер БАТЭ.

Паназіраць за сустрэчаю БАТЭ – «Пяст» прыйшло каля 13 тысячаў заўзятараў, чаго не маглі не заўважыць і не адзначыць самыя гульцы. Ігар Стасевіч, паўабаронца БАТЭ:

«Нам не хапае такіх матчаў у Чэмпіянаце краіны. Калі столькі шмат гледачоў на трыбунах, вельмі прыемна гуляць. Калі на цябе глядзіць адразу не адна тысяча заўзятараў, то імкнешся дзейнічаць яшчэ лепш».

Леташні еўрасезон менскае «Дынама» скончыла на балтыйскім беразе ў Санкт-Пецярбургу. Сёлетні распачынае на балтыйскім беразе Латвіі – у Ліепаі. Аднайменны клуб не назавеш вялікай пагрозай, аднак і «Дынама» перажывае крызіс. Падтрымаць «бела-блакітных» прыехала шмат заўзятараў з Менску. Стадыён «Даугава», дзе мелася адбыцца гульня, знаходзіцца літаральна ў двух кроках ад ліепайскага пляжу. Таму нашы суайчыннікі з задавальненнем бавілі тут час і спадзяваліся на тое, што гульцы «Дынама» не сапсуюць ім настрой гэтым вечарам.

Заўзятары ФК «Дынама» (Менск):

«Дынама» будзе ісці наперад і будзе пры Гурэнку выглядаць моцным клубам. Мы свята верым у гэту каманду. Я з дзяцінства веру ў гэту каманда, мяне гэта вера выратоўвае, так бы мовіць».

– Пры Гурэнку гуляе больш моладзі ў «Дынама». І гэта добра!

– Які лік прагназуеце на карысць «Дынама»?

– 6:0!

– А я стаўлю 2:1 – перамога «Дынама»!

Прагноз гэтага заўзятара быў зусім блізка да таго, каб увасобіцца ў жыццё. Але пра ўсё па чарзе. Ужо на 10-й хвіліне гаспадары атрымалі права на пенальці, якім упэўнена скарысталіся. «Дынама» доўгі час не магло стварыць каля брамы «Ліепаі» нічога вострага, хаця падыходы да штрафной пляцоўкі ў «бела-блакітных» былі. Галоўны трэнер менчукоў Сяргей Гурэнка тлумачыў гэта дысцыплінаванай гульнёй латышскай каманды ў абароне:

«Добра абаранялася «Ліепая». Вялікімі сіламі. Цэнтр быў цалкам перакрыты. Адзінае – мы маглі ўскрываць флангі».

І ў выніку менавіта пасля адной з флангавых атак «Дынама» забіла гол, які дазволіў выраўняць лік на табло – 1:1. Мікіта Капленка ўдала згуляў на дабіванні. Гэтую падзею сектар з дынамаўскімі фанатамі святкаваў так шалёна, што некаторыя з іх прарваліся на поле. Сцюарды спрабавалі стрымаць нашых суайчыннікаў, але сілы былі няроўныя.

Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск):

«Тое, што прыехала шмат заўзятараў – вельмі прыемна. Але я лічу, мы павінны паводзіць сябе карэктней. Таму што гэта і штрафы клубу… Ды і мы яшчэ пакуль нічога такога не зрабілі, каб так шумець».

Ну а на апошніх секундах двубою адбыўся яшчэ адзін драматычны момант. Суддзя зноў прызначыў пенальці – гэтым разам у браму «Ліепаі». Біць узяўся Кеіндэ Фатаі. На жаль, перагуляць брамніка афрыканец не здолеў. Прагноз заўзятара з пляжу не стаў рэальнасцю. Але, улічваючы, як развіваліся падзеі на полі, выязная нічыя для «Дынама» – зусім неблагі вынік.

«Наступная гульня ўдома. Усё ў любым выпадку будзе вырашацца ўдома», – адзначыў Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск).

Нашы іншыя прадстаўнікі ў Лізе Еўропы – «Шахцёр» і «Віцебск» – згулялі па-рознаму. «Гарнякі» усцешылі публіку ў Салігорску мінімальнай перамогай над «Хіберніянсам» з Мальты – 1:0. А вось клуб з поўначы Беларусі саступіў у Фінляндыі мясцоваму «Куопіа» – 0:2. Матчы ў адказ пройдуць 18 ліпеня.

Дзяніс Ганчарэнка, Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары