Блогеры аб'ядналіся перад выбарамі


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Святы абавязак

Прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў прымуць удзел у парадзе Перамогі 9 траўня, паведаміў у інтэрвʼю выданню «Беларусь Сегодня» кіраўнік ведамства Уладзімір Макей. Чыноўнік адзначыў, што ўрачыстасці з нагоды 75-годдзя Перамогі – гэта святая справа кожнага грамадзяніна Беларусі. Напярэдадні Макей і работнікі беларускага МЗС прынялі ўдзел у акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» ды ўсклалі кветкі ля стэлы «Менск – горад-герой».

Свая статыстыка

Больш за 400 інфікаваных дактароў і каля сотні заражаных дзяцей у Гомельскай вобласці. Гомельскае недзяржаўнае выданне «Сильные новости», пры адсутнасці афіцыйнай статыстыкі па рэгіёнах, апублікавала лічбу хворых са спасылкаю на свае крыніцы. На Гомельшчыне больш за тысячу семсот інфікаваных каронавірусам, 10 асобаў з дыягназам «Ковід-19» памерлі.

Сіла ў еднасці

Дзяржава не дапамагае бізнесу ў крызісны час, менавіта таму трэба яднацца і адстойваць свае правы. Адпаведны відэазварот знанага беларускага рэстаратара Вадзіма Пракопʼева выклалі на Youtube-канале інтэрнэт-парталу «Пра бізнес».

«Указ №143 – крывы, няправільны, які лепш было б назваць «аб паўмерах падтрымкі пацярпелых галінаў эканомікі». І ў гэтым жа ўказе, лагерным воклічам: «Ну вы ж глядзіце! Мы вам даём ільготы, але, калі што, імем рэвалюцыі зачынім вашую канторку на 90 дзён!» Адкуль такая рыторыка? Ці мы не плацілі падаткаў? Ці мы не стваралі тысячы працоўных месцаў?» – кажа рэстаратар Вадзім Пракопʼеў.

Асацыяцыя, пра якую кажа ў звароце Пракопʼеў, будзе дамагацца шэрагу ільготаў з боку дзяржавы ды плануе скласці ўласны праект антыкрызісных захадаў.

Ігар Кулей, «Белсат»

Фота: Ірына Арахоўская