Гарачы каментар Бізнесовец Валер Кругавы: Арышт Чыжа – гэта дзяржаўны рэкет


Проста бізнес, нічога асабістага: пасля кампенсацыі шкоды падазраваны выходзіць на волю… Больш за тое, судзіць «адкупніка» дзяржава ўжо не мае патрэбы. Такі падыход да расследавання фінансавых злачынстваў зручны і законны – сцвярджаюць у КДБ. Аднак ці для ўсіх у краіне спрацоўвае варыянт Чыжа?

Акурат днямі стала вядома, што рэзанансная справа Юрыя Чыжа набліжаецца да лагічнай канцоўкі. Два дні таму вядомага бізнесоўца вызвалілі з СІЗА КДБ, дзе ён правёў 188 дзён. Алігарх выплаціў страты дзяржаве, што аўтаматычна вызваліла яго і ад крымінальнага пераследу – сцвярджаюць кампетэнтныя крыніцы. Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка называў лічбу – «каля $ 12–13 млн» – якія меў аддаць у скарбонку дзяржавы Чыж.

Беларускага бізнесоўца, які стварыў сабе рэпутацыю «гаманца» кіраўніка краіны, вінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Для Беларусі практыка, калі дзяржслужбовец адкупляўся ад турмы ды пасля займаў пасады – стала ўжо нормай. Праўда, на такі падыход з боку КДБ і праваахоўнікаў варта разлічваць толькі набліжаным да ўладаў асобам, зазначаюць у палітычных колах Беларусі.

Былы кіраўнік Беларускай фондавай біржы, бізнесовец Валер Кругавы зазначыў, што выпадак з арыштам Юрыя Чыжа – гэта дзяржаўны рэкет.

«Дзяржаўны рэкет у Беларусі – гэта ўжо зладжаная сістэма. І гэта ўжо не першы выпадак, і не апошні, калі буйных прадпрымальнікаў час ад часу проста так саджаюць. Падставы могуць быць самыя розныя. Пакуль яны сядзяць, ідзе гандляванне: яны кажуць, што могуць столькі; ім адказваюць, што хочуць столькі. Гандляванне заканчваецца, патрэбны час, каб сабраць гэтую суму. Сабраў, аддаў і выйшаў», – адзначыў спадар Кругавы.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары