Бітва за Малдову паміж Усходам і Захадам. Хто вядзе? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Правакацыі, «цітушкі »ды нават атручванне апазіцыйных кандыдатаў. Малдова ў напружанні ды страху перад парламенцкімі выбарамі. Чым адрозніваюцца галоўныя канкурэнты, і хто хоча зрабіць гэтую краіну вітрынай Еўразвязу. Адмысловае выданне праграмы «ПраСвет» прысвечана сітуацыі перад выбарамі ў Малдове.

Разварот да Лукашэнкі і Пуціну ці працягнуць шлях на Захад?

Ужо ў бліжэйшую нядзелю Малдова абірае Парламент. У апытаннях упэўнена лідзіруюць сацыялісты, але гэта зусім не азначае іх перамогі. У краіне кіруе праеўрапейская кааліцыя, але людзі ў ёй расчараваныя, бо шэраг яе чальцоў замяшаныя ў крадзяжы прыкладна адной восьмай бюджэту краіны. На папярэдніх выбарах яны абяцалі прарвацца ў Еўразвяз, але цяпер ужо сацыялісты разам з прарасейскім прэзідэнтам Ігарам Дадонам прапануюць інтэграцыю ў іншы бок. Разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

У Еўразвяз праз Бухарэст або «Бесарабія гэта Румынія»?

У Малдове кажуць «Шлях у Еўразвяз вядзе праз Бухарэст», гэта значыць праз сталіцу суседняй, блізкай паводле мовы і спадчыны Румыніі. А ў Румыніі на кожным плоце напісана «Бесарабія гэта Румынія». Бесарабія – гэта значыць Малдова. Як да гэтага ставяцца самі малдаване? Інтэрв’ю з Валерыем Ажогам, адвакатам, каардынатарам міжнародных праграмаў FWL S.A.

Трэцяя або другая сіла ў Малдове. Хто яны, і хто атруціў іхных лідараў?

Лідары блоку малдаўскай апазіцыі «ACUM» Майя Санду і Андрэй Нэстасе падазраюць, што іх атруцілі цяжкімі металамі. Яны заяўляюць, што сталі «мішэнню атакі ўладаў, якія хочуць іхнай смерці». «Acum» разам з Дэмакратычнай партыяй і сацыялістамі з’яўляецца трэцяй палітычнай сілай у Малдове. Для іх перадвыбарчая кампанія стала сапраўдным выпрабаваннем са шматлікімі правакацыямі. Адзін дзень з жыцця малдаўскіх апазіцыянераў – у рэпартажы «Белсату».

Каго і чаму баяцца малдаване?

Страх і спіраль маўчання захапілі Малдову, якую чакаюць найбольш напружаныя выбары ў гісторыі. Непасрэдна з Кішынэву інтэрв’ю Аліны Коўшык з Ігарам Боцанам, палітолагам, дырэктарам Асацыяцыі «Дэмакратыя ўдзелу».

Бойка за малдаўскіх гастарбайтараў. Хто перамагае?

Сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць на фоне ўсё больш шырокага выкарыстання малдаўскімі працоўнымі плюсаў бязвізавага рэжыму з Еўропаю і адтоку малдаванаў з Расеі ў выніку абясцэньвання рубля. Якую альтэрнатыву знайшлі малдаване расейцам, і каму самі сталі альтэрнатывай – Дзяніс Дзюба.