БГК імя Мяшкова ізноў чэмпіён?


У гандбольным мужчынскім чэмпіянаце Беларусі ў мінулыя выходныя магла нарадзіцца інтрыга, але чэмпіён апошніх гадоў Берасцейскі клуб імя Мяшкова, гэтага не дапусціў. БГК упэўнена разбіў адзінага рэальнага канкурэнта – менскае СКА – і цяпер чарговае золата берасцейцаў – пытанне часу.

Чацвёртая ў гэтым сезоне сустрэча БГК і СКА зноў засталася за берасцейцамі, мяшкоўцы перамаглі – 35:28.

«Дзякуючы абароне, мы вельмі шмат перахапілі мячоў, а ў СКА было занадта шмат стратаў, і мы забілі лёгкія галы і за кошт гэтага выйгралі», – распавядае Андрэй Юрынок, кутні БГК імя Мяшкова.

Нагадаем, што першая бітва лепшых гандбольных клубаў краіны засталася за армейцамі, а потым дзейны чэмпіён перамог тры разы запар і адарваўся ад адзінага суперніка на 4 пункты. Пры гэтым клубам у чэмпіянаце засталося сустрэцца яшчэ толькі двойчы, чэмпіёнская інтрыга сябе, здаецца, вычарпала.

«Пачатак гульні быў мяч у мяч, вы самі выдатна бачылі. Мы можна так сказаць прыглядаліся адзін да аднаго, хто што прыгатаваў новенькае на нашу гульню сёння. Добра згулялі галкіперы. Мы зрабілі менш памылак у другім тайме, СКА зрабіў больш. Проста ўзялі сваё так бы мовіць», – тлумачыць Вячаслаў Шумак, лінейны БГК імя Мяшкова.

Вызначальным момантам гульні стала наўпроставая чырвоная картка капітану гасцей Дзмітрыю Нікуленкаву, напрыканцы першага тайму. Яна выклікала шмат спрэчак і несумненна паўплывала на далейшую хаду гульні. Без капітана СКА няўдала правёў канцоўку першага тайму і пачатак другога, і адрыў БГК вырас да 5 мячоў.

«Нікуленкаў вельмі добра пачаў першы тайм. Відаць былі яго кідкі, я думаю, гэта (чырвоная картка) быў толькі плюс для нас у любым выпадку. Малады хлопец які выйшаў не вельмі сябе апраўдаў», – дадае Вячаслаў Шумак.

Галкіпер ГК СКА (Менск) Аляксей Кішоў кажа:

«Прайгралі сёння даволі шмат, хаця на працягу ўсёй гульні каманда білася і змагалася, не ўсё атрымлівалася. Можа на дзеянні атакі сказалася чырвоная картка Дзімы Нікуленкава, яна ўскладніла нам жыццё. Тым не менш, 28 мячоў мы забілі, але вельмі шмат прапусцілі. Не дапрацавалі ў абароне і прапусцілі лёгкія галы».

СКА яшчэ вярнуўся ў гульню, за 10 хвілінаў да канца матчу менчукі наблізіліся да суперніка на дыстанцыю ў 2 мячы. БГК адказаў своечасовым вяртаннем на пляцоўку Аляксандра Шкурынскага, той закінуў некалькі запар лёгкіх галоў і фактычна паставіў у бітве кропку.

«Мы маглі гэтую гульню выйграваць, але, на жаль, мы зрабілі шмат памылак у абароне, і з-за чырвонай карткі Дзімы ў нас спынілася атака. Калі б не выдалілі Дзіму, ён працягваў гуляць, у нас атрымалася б добрае нападзенне, нават нягледзячы на нашу не зусім якасную абарону. У нас было б больш шанцаў на перамогу», – распавядае Дзяніс Рутэнка, кутні ГК СКА (Менск).

Рэформы чэмпіянату Беларусі прывялі да таго, што ўжо другі запар год чэмпіён краіны вядомы задоўга да фінішу: дастаткова аднаму з фаварытаў якасна правесці некалькі асноўных матчаў. Астатнія клубы настолькі слабыя, што для БГК і СКА гульні з імі робяцца прагулянкай.

Паўсярэдні БГК імя Мяшкова Марка Паніч кажа:

«Магу сказаць, што мы вельмі добра гулялі ў абароне, добра атакавалі. Думаю, СКА (Менск) – добрая каманда, але сёння мы ў гандбол гулялі лепей. Думаю, так трэба гуляць наступныя 3–4 матчы».

Цяпер БГК пераключаецца на Лігу чэмпіёнаў, яго чакаюць выязныя матчы супраць «Матора» і «Монпэлье» і хатнія з «Кілем» і «Порту». У галоўным клубным турніры кантыненту ў мяшкоўцаў яшчэ ёсць маленькі шанец.

Алесь Ляўчук belsat.eu