«Без Юрыя Туронка беларусы доўга шукалі б шлях да Беларусі»


Сёння ў Варшаве развітваліся з вялікім беларусам Юрыем Туронкам. Выбітны гісторык і актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы пайшоў у лепшы свет 2 студзеня. Нарадзіўся і пражыў усё жыццё па-за межамі сучаснай Беларусі, аднак усё жыццё прысвяціў менавіта ёй – нашай агульнай Бацькаўшчыне, непадуладнай ані межам, ані часу. Язэп Янушкевіч, пісьменнік, археограф:

«Постаць, слава і значнасць Юрыя Туронка больш вядомая ў Беларусі, чым у Польшчы. Туронак жыў па-за межамі палітычнай Беларусі. У яго доме, у яго сям’і выхаванне, мова, памяць былі менавіта беларускія. Вельмі важна, што гісторык пісаў праўду. Тая крывавая гісторыя, пра якую пісаў Юрый Туронак, сведчанне яго пераканання, што няма забароненых тэмаў. Калі ты праўдзівы, то нават там, дзе кроў, будзе святло праўды. Падчас пахавання Туронка прагучала, што беларусы на Падляшшы доўга шукалі б шлях да Беларусі без Юрыя Туронка. І наагул не вядома, ці знайшлі б, так, як яны яго бачаць цяпер, у 21 стагоддзі».

belsat.eu