Без Лукашэнкі не будзе Беларусі. NEXTA на Белсаце


СВАЯ ГІСТОРЫЯ

Праўладавая газета «Советская Белоруссия», якая нядаўна стала «Беларусью сегодня», апроч назвы, змяніла і падыход да гісторыі. Беларускую незалежнасць прапагандысты будуць адлічваць не з часоў ВКЛ, БНР ці пачатку 90-ых, а з моманту абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі.

«І дай бог, каб ужо праз год пасля прыняцця прысягі першым беларускім прэзідэнтам народу стала хоць крыху лягчэй», – казаў калісьці кіраўнік краіны.

І хоць Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце прынялі яшчэ ў 90-ым, «…прыняць – не значыць ЗРАЗУМЕЦЬ. А тым больш ПАБУДАВАЦЬ. Казаць пра ўзнікненне дзяржаўнасці ў тыя гады можна толькі вельмі ўмоўна», – лічаць у газеце «СБ Беларусь Сегодня». Бо перад Лукашэнкам, кажа «Саўбелка», краіна была ў стане глыбокага крызісу, знішчэння прадпрыемстваў і татальнага збяднення. Карацей, усё – як цяпер, толькі крыху больш надзеяў на светлую будучыню.

100 ГАДОЎ ВЛКСМ

А вось айчынная сістэма адукацыі на чале з міністрам-камуністам глядзіць, хутчэй, у цёмную мінуўшчыну. Стагоддзе Усесаюзнага ленінскага камсамолу Беларусь адзначае на дзяржаўным узроўні! Як і належыць, добраахвотна-прымусовымі захадамі.

«Просім паспрыяць Савецкаму РК АА БРСМ Менску і накіраваць на мерапрыемства «100 добрых сэрцаў моладзі» 30 чалавек. Форма адзення – адпаведная надвор’ю для прыбірання тэрыторыі», – гаворыцца ў афіцыйным лісце.

Партрэты правадыроў, але і ў гонар камсамолу, тэматычныя паштовыя маркі і безліч піянерскіх імпрэзаў. Абʼявіўся нават ветэран УЛКСМ! Падавалася б – косплэй ці маскарад, але… гэта рэчаіснасць.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка кажа, што «камсамол – трывалы падмурак, на якім цяперашняе пакаленне моладзі можа смела і ўпэўнена будаваць будучыню нашай краіны».

Што праўда, спачатку трэба пераканаць моладзь не зʼязджаць за мяжу. Маўляў, Беларусь – «адная з найлепшых краінаў для жыцця».

КРАІНА ДЛЯ ЖЫЦЦЯ

Беларусь заняла 123-яе месца ў рэйтынгу дабрабыту дзяржаваў паводле аўтарытэтнага швейцарскага банку «Credit Suisse». З узроўнем багацця ніжэй за 5 тысячаў долараў на аднаго дарослага мы трапілі ў адну групу з Малі, Нігерам, Чадам, Суданам, Эфіопіяй і Нігерыяй. Жыхар Горадні злуецца: «Скажыце гэтаму ідыёту, што заробку 1000 рублёў у нас ніколі не будзе».

Тым часам больш як у сто разоў багацейшыя за нас – Аўстралія, ЗША і Швейцарыя, дзе, дарэчы, амаль адсутнічаюць карысныя выкапні.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»