Без хабараў у Беларусі не выжыць?


За абследаванне і кансультацыю – 50 долараў, за аперацыю мінімум 100… Медыцына ў нас бясплатная, але тарыфы ўдзячнасці медыкам ведаюць усе, хто бываў у шпіталях. Адным намякаюць на неабходнасць падзякі, а іншыя і самі гатовыя прынесці. Дык хто болей вінаваты: той, хто нясе, ці той, хто прымае?

«Жанчына сказала, што 100 долараў, патлумачыла пакласці яму ў кішэньку. Мы разам зайшлі з ёй у кабінет да гэтага доктара, ён адсунуў кішэньку, я ціхенька паклала. Усё, мяне прааперавалі. Зусім іншае стаўленне», – распавядае пра свае прыгоды ў шпіталі Анжэліка Калатазішвілі.

Яе аддзячыць доктару навучыла медработніца з іншага аддзялення шпіталю. Дасюль жанчына некалькі разоў клалася на аперацыю для выдалення пухліны на твары, але аперацыі пад агульным наркозам шторазу замінаў нізкі гемаглабін.

Тыя самыя паказнікі гемаглабіну адразу пасля з’яўлення грошай у кішэні доктара перасталі быць праблемай. Але гэтым не скончылася. Падчас выпіскі тая ж жанчына падышла да Анжэлікі зноў.

«Адкрыла кабінецік, завяла. Ты разумееш, кажа, гэтага мала, аперацыя ў цябе была сур’ёзная, трэба яшчэ падзякаваць. Кажу: дык у мяне няма, у мяне толькі засталося на дарогу. – Ну, думай, дзе ўзяць», – узгадвае той дыялог жанчына.

Больш Анжэліка падзякі прынцыпова не раздае. Медыкі доўга лячылі яе ад раку, калі трэба было ад астэапарозу, папсавалі здароўе. Праз тое жанчына стала інвалідам I групы, з цяжкасцю перамяшчаецца, а ў хатніх справах не можа без сацыяльнага работніка. Раздаванне падзякаў Анжэліка назірала нават у абласным анкалагічным дыспансеры.

Тэарэтычна ўсе ведаюць розніцу паміж хабарам і ўдзячнасцю за добра выкананую працу. Юрыдычна хабарам лічыцца нават 1 долар, які мы перадаем службовай асобе ў сувязі з ягонымі або ейнымі службовымі абавязкамі. А дзяржаўным службоўцам і падарункі абмежаваныя.

Любы сувенір, даражэйшы за 5 базавых велічыняў, то бок 127,5 рублёў, трэба здаваць дзяржаве. Службовай асобе, якая не працуе на дзяржаўнай службе, можна зрабіць падарунак, але паміж падарункам і працаю той асобы не мусіць прасочвацца ніякай сувязі.

«Нянечка калі будзе прымаць шакаладкі за тое, што будзе кагосьці добра даглядаць, або грошыкі ў кішэньку па рублю будуць плаціць, то гэта не хабар, яна не службовая асоба. Але гэта падстава для яе звальнення, бо яна парушае свае службовыя абавязкі», – тлумачыць розніцу юрыст Беларускага хельсінкскага камітэту Тамара Сідарэнка.

Хабар, што прымае работнік дзяржаўнай арганізацыі, які не лічыцца службоваю асобай, – просты настаўнік, напрыклад, называецца незаконнаю ўзнагародай. І караецца пазбаўленнем волі да 3 гадоў.

Даванне хабару – гэта злачынства, а даванне незаконнай узнагароды неслужбовай асобе – не. То бок вы можаце даць грошы доктару, настаўніку або выхавацелю ў садку за іхную працу. А ён мусіць адмовіцца, каб не згубіць працы. Але, даючы «падзяку», мы самі падтрымліваем бясконцае кола побытавай карупцыі. І кожны з сваіх прычынаў.

«Такі своеасаблівы перанос. Калі чалавек мае свой досвед, што ён разумее, што ён бы не рабіў якасна сваю працу, калі яму за яе штосьці не давалі або недаплочвалі. І ён бачыць усіх людзей з такімі каштоўнасцямі», – вылучае адну з прычынаў псіхолаг Таццяна Палхоўская.

У адных ад бацькоў і дзядоў перадалася прага залагодзіць чалавека, надзеленага ўладай. Нехта можа бачыць паўсюль ворагаў і спрабуе праз хабар гарантаваць сабе бяспеку. А іншыя проста баяцца канфліктаў. Выйсце адное – перастаць баяцца.

«Але я б для пачатку прааналізавала сябе адпаведна з гэтымі прычынамі, што я называла. Зразумела б, што менавіта ўва мне прымушае даваць гэтыя цукеркі, алкаголь або яшчэ штосьці дзяржаўным службоўцам. І пасля ўжо намагалася б справіцца з гэтаю прычынай», – раіць Таццяна.

Пачынаць трэба з сябе – забіць у сабе карупцыянера, прынцыпова не даваць хабару. Пакуль што смела можна казаць, што барацьба з карупцыяй у краіне скончылася перамогаю карупцыі.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Пакуль будавалі дом, сельсавет забраў зямлю
  • Мільярды з кішэні грамадзянаў ідуць на сельскую гаспадарку. А людзям што?
  • Хто купляе куст маліны за 70 долараў

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».