Бесхацінцы: ці ёсць шанец падняцца з дна?


 

Калі мы бачым смярдзючага бесхацінца, які збірае бутэлькі, каб адразу прапіць грошы, нам падаецца, што дарогі назад у яго няма. У «Людскіх справах» мы распавядаем гісторыю, у якую цяжка паверыць.

«Нават зялёнку піў»

Наш герой Аляксандр Малчанаў – бесхацінец са стажам. Амаль 14 год ён правёў то на вуліцы, то ў турмах. Дом, які калісьці застаўся ад бацькоў, ён прапіў і стаў жыць, дзе давядзецца: у падвалах, вагончыках, на гарышчах.

Каб знайсці грошы на выпіўку, прасіў у мінакоў альбо шукаў кардон, краны, дрот і здаваў у нарыхтоўчыя пункты. Аднойчы, калі вельмі хацелася выпіць і не было чаго, а пад рукой аказаўся спіртавы раствор «зялёнкі», выпіў яго. Атрымаў апёк слізістых абалонак.

Аляксандр Малчанаў, былы бесхацінец

«Бутэлька чарніла – гэта была мая сям’я, мая мама і мае дзеці. Мой сэнс жыцця, – расказвае Аляксандр. – Мне трэба было напіцца і забыцца. І так усё па колу ішло гадамі… Але потым унутры ў мяне нарадзілася просьба: «Госпадзе, калі ты ёсць, дапамажы, калі ласка!».

Бяздомны не па сваёй волі

Другі наш герой, Васіль Хадзькоў, стаў бяздомным не па сваёй волі. У 2009 годзе, калі будавалася метро «Грушаўка», яго прымусова адсялілі з ягонага прыватнага дому, які знаходзіўся ля выхаду са станцыі. Высялялі цэлым міліцэйскім нарадам, з аўтаматамі. Пакуль хату бурылі бульдозерам, яна загарэлася.

Васіль Хадзькоў на месцы знесенага дому, у якім ён дагэтуль зарэгістраваны

Замест гэтага дома сп. Васілю, ягонай былой жонцы і яе даросламу сыну ад першага шлюбу далі супольную двухпакаёўку. Жыць там ён адмовіўся, патрабуючы сабе асобную аднапакаёвую кватэру. Вось ужо восем год ён судзіцца з дзяржавай, а пакуль жыве то пры царкве, то ў знаёмых.

Дзе выйсце?

Як звычайны чалавек можа дапамагчы таму, хто стаў бесхацінцам з-за праблемаў з алкаголем ці наркотыкамі? Якія правы мусіць забяспечыць і што павінна выканаць дзяржава ў выпадку, калі забірае зямлю і дом для сваіх патрэбаў? Пра гэта ў студыі «Людскіх спраў» гавораць і спрачаюцца Юры Мельнік, былы палкоўнік вайсковай выведкі, які адкрыў прытулак для бесхацінцаў, і Тамара Сяргей, актывістка грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры».

Пра гэта глядзіце ў новым выданні «Людскіх справаў»:

Праграму «Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце на ў Facebook ды Одноклассники. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.